Мінск 16:23

Услед за латвійскімі калготамі Беларусь забараніла ўвозіць калготы і іншыя тавары з Літвы

Фота: pixabay.com / Jarmoluk

14 сакавіка, Позірк. Забарона на імпарт асобных тавараў з Літвы, сярод якіх “прадукты харчавання, будаўнічыя вырабы і бытавая тэхніка”, уведзена прынятай 14 сакавіка пастановай Савета міністраў, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Акрамя таго, асобным рашэннем урада забаронена перамяшчаць праз пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы шэраг тавараў, прызначаных для продажу ў Беларусі, незалежна ад краіны іх паходжання. У гэты пералік увайшлі адзенне і запасныя часткі да транспартных сродкаў, а таксама шыны, алкагольная прадукцыя ды іншыя тавары.

Знешнепалітычнае ведамства мяркуе, што цяпер “імпартны таварапаток зможа паступаць у Беларусь толькі па альтэрнатыўных маршрутах у абыход тэрыторыі Літвы”. “Гэта негатыўна адаб’ецца на працы шматлікіх літоўскіх лагістычных аператараў і прывядзе да адчувальнай страты іх даходаў у сувязі з істотным скарачэннем тавараабароту”, — сцвярджае МЗС.

Падкрэслена, што забарона не датычыцца тавараў, якія ўвозяцца ў Беларусь для асабістага карыстання.

“Што да магчымых прэтэнзій прадстаўнікоў літоўскага бізнесу, то іх варта адрасаваць уласным уладам, якія прымаюць рашэнні, што ідуць насуперак нацыянальным інтарэсам”, — гаворыцца ў каментарыі міністэрства.

Адначасова ведамства папярэдзіла, што “ў аналагічным ключы не застануцца без адказу і крокі ўрада Латвіі ў сувязі з увядзеннем у 2024 годзе імпартнага эмбарга ў дачыненні да шэрагу беларускіх тавараў харчовай групы”.

Прэс-служба Савета міністраў паведаміла, што праз пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы забаронена перавозіць “вады, піва, віны, сусла вінаграднае, вермуты, іншыя напоі зброджаныя, спірт этылавы, воцат, шыны і пакрышкі пнеўматычныя гумовыя, адзенне і іншыя вырабы другаснага ўжытку, а таксама другаснага ўжытку часткі і прыналежнасці транспартных сродкаў”. Краіна паходжання значэння не мае.

Таксама ўводзіцца забарона на ўвоз асобнай прадукцыі літоўскай вытворчасці, у прыватнасці “малака і вяршкоў згушчаных, садавіны і арэхаў, кавы, сокаў садавінавых, вод, воцату, калгот, панчох, гольфаў, шкарпэтак і іншых панчошна-шкарпэтачных вырабаў, асобных будаўнічых вырабаў, лядоўняў і маразільнікаў”. Адпаведныя змены ўнесеныя ў пастанову ўрада ад 6 снежня 2021 года № 700 “Аб прымяненні спецыяльных мер адносна асобных відаў тавараў”.

Паводле такой жа схемы ў лістападзе 2023 года Савет міністраў адкарэктаваў пералік тавараў, забароненых да ўвозу і продажу ў Беларусі, унёсшы ў яго асобную прадукцыю латвійскай вытворчасці. Тады пад забарону патрапілі “кава, джэмы, жэле з садавіны, мармелад, садавіна, арэхі, сокі, воды, піва, моцныя спіртныя і іншыя зброджаныя напоі, калготы, панчохі, гольфы, шкарпэткі, а таксама цэгла, блокі і аналагічныя вырабы з керамікі”. Як і ў выпадку з Літвой, тая мера пазіцыянавалася як адказ на рашэнне Рыгі закрыць аўтамабільны пункт пропуску “Сілене”.

1 сакавіка ўрад Літвы закрыў памежныя пераходы Лаварышкес (з беларускага боку Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пункты пропуску з шасці — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). Пункты Шумскас (Лоша) і Цвярачус (Відзы) былі закрытыя 18 жніўня 2023 года.

Падзяліцца: