Мінск 18:24

СМІ: Еўракамісія адпрэчыла ідэю забароны на імпарт аграхарчавання з Беларусі і РФ

Фота: unsplash.com / David Becker

14 сакавіка, Позірк. Еўракамісія адпрэчыла ідэю забароны на імпарт аграхарчовай прадукцыі з Беларусі і Расіі, хаця пераважная большасць дэпутатаў Еўрапарламента (ЕП) яе падтрымала, паведамляе Polskie Radio 24.

Магчымасць увядзення поўнай забароны выключыла еўракамісар па ўнутраных справах Ілва Ёхансан. На дэбатах у рамках пленарнага пасяджэння ЕП у Страсбургу чыноўніца заявіла, што “ні ў адным з 13 санкцыйных пакетаў супраць РФ не прымалася рашэнне пра такое эмбарга”.

“Санкцыі на імпарт расійскіх аграхарчовых тавараў у ЕС могуць нанесці большую шкоду, асабліва ў выглядзе росту цэн у краінах-імпарцёрах Глабальнага Поўдня”, — падкрэсліла яна.

Паводле інфармацыі медыя, Еўракамісія сочыць за патокам збожжа з РФ і Беларусі ў ЕС і “гатовая ўвесці абмежаванні, калі сітуацыя на еўрапейскіх рынках дэстабілізуецца”. “Эксперты камісіі даўно аналізуюць сітуацыю на рынках і працуюць не над эмбарга, але над магчымымі абмежаваннямі ў гандлі з Расіяй”, — патлумачыла Polskie Radio 24.

На неабходнасці ўвядзення забароны “праз дэстабілізацыю сітуацыі на сельскагаспадарчых рынках краін — членаў ЕС” на дэбатах настойваў еўрапарламентарый ад Польшчы Анджэй Халіцкі.

“Мы выразна бачым павелічэнне аб’ёмаў дэмпінгу харчовых тавараў з РФ і Беларусі, у тым ліку збожжа, — заявіў ён. — За апошнія месяцы мы імпартавалі 2 мільёны тон збожжа. <…> Я чакаю рэакцыі ад Еўракамісіі, таму што яна мае інструменты для ўвядзення эмбарга неадкладна. Гэтага чакаюць фермеры <…> і мы ў Еўрапарламенце”.

Яго суайчынніца еўрадэпутат Ганна Фатыга таксама выступіла за ўвядзенне забароны. Паводле яе пераканання, неабходна ўвесці санкцыі супраць РФ, якая “спрабуе выціснуць сельскагаспадарчую прадукцыю як Украіны, так і іншых краін, з сусветных рынкаў, у тым ліку еўрапейскіх”.

7 сакавіка Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў Еўракамісію “ўнесці прапанову аб увядзенні санкцый у сувязі з імпартам расійскіх і беларускіх прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай прадукцыі ў Еўрасаюз”.

На думку польскіх дэпутатаў, закупка аграхарчовай прадукцыі ў Беларусі і РФ “працягвае прыносіць вялікія даходы” Мінску і Маскве. У дакуменце падкрэслівалася, што гандаль з гэтымі краінамі “чыніць негатыўны ўплыў на адзіны [еўрапейскі] рынак”.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск 4 сакавіка заявіў пра намер ініцыяваць увядзенне “поўных санкцый” на ўвоз у ЕС сельскагаспадарчых і харчовых тавараў з Беларусі і Расіі.

Падзяліцца: