Лукашэнка назваў Канстытуцыю “сапраўды народным дакументам”
15 сакавіка, Позірк. Прыняты 30 гадоў таму і неаднаразова “удасканалены на рэферэндумах воляй большасці беларусаў”, Асноўны закон з’яўляецца “сапраўды народным дакументам”, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні з нагоды Дня Канстытуцыі.
Дзякуючы збору законаў, цытуе Лукашэнку яго прэс-служба, у Беларусі “створаныя ключавыя інстытуты дзяржаўнай улады, гарантаваныя правы і свабоды грамадзян”.
“Голас народа, аддадзены за пераемнасць лепшых традыцый мінулай эпохі, стаў залогам захавання міру і згоды ў грамадстве. Беспрэцэдэнтны давер грамадзян Беларусі палітычнай сістэме даў магчымасць пабудаваць стабільную і незалежную дзяржаву”, — сцвярджае віншавальнік.
На яго думку, замацаваныя ў Канстытуцыі “фундаментальныя каштоўнасці” — “сацыяльная справядлівасць, традыцыйная сям’я, гістарычная праўда” — з’яўляюцца для беларусаў “вернымі арыенцірамі, якія дапамагаюць пераадольваць сучасныя выклікі і ўпэўнена глядзець у будучыню”.
Лукашэнка лічыць “сімвалічным”, што ў 2024 годзе “ўпершыню ў канстытуцыйным статусе пачне сваю працу Усебеларускі народны сход”. “Выступіўшы ў новай ролі, вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя стане яшчэ адной магутнай апорай нашай дзяржаўнасці”, — падкрэсліў ён.
“Упэўнены, захаванне канстытуцыйных нормаў і прынцыпаў, адказнасць кожнага беларуса за лёс Айчыны будуць і надалей спрыяць дынамічнаму развіццю нашай дзяржавы”, — гаворыцца ў віншаванні.
15 сакавіка 2022 года ўступіла ў сілу рашэнне рэспубліканскага рэферэндуму 27 лютага, на якім, як сцвярджае Цэнтрвыбаркам, былі падтрыманыя і прынятыя змяненні і дапаўненні ў Асноўны закон.
Сярод паправак — легалізацыя Усебеларускага народнага сходу, вяртанне нормы аб абмежаванні знаходжання на пасадзе прэзідэнта аднаго чалавека (не больш за два тэрміны), увядзенне недатыкальнасці для былога прэзідэнта, манаполіі дзяржаўнай ідэалогіі, адмена пункта аб нейтральным і бяз’ядзерным статусе краіны.
На цырымоніі зацвярджэння вынікаў рэферэндуму 4 сакавіка Лукашэнка адвёў два гады на прывядзенне ўсіх заканадаўчых актаў у адпаведнасць з новай рэдакцыяй Канстытуцыі.
Падчас рэферэндуму экспертная місія кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” зафіксавала шматлікія парушэнні і прыйшла да высновы, што вынікі “нельга прызнаць адпаведнымі волевыяўленню выбаршчыкаў”.
У дзень рэферэндуму 27 лютага мінулага года ў Мінску адбылася апошняя на гэты момант масавая акцыя пратэсту ў сувязі з пачаткам вайны ва Украіне.
Канстытуцыя незалежнай Рэспублікі Беларусь была прынятая Вярхоўным Саветам 12-га склікання 15 сакавіка 1994 года.
24 лістапада 1996 года асноўны закон быў абноўлены і дапоўнены на рэферэндуме, у выніку чаго Лукашэнка атрымаў фактычна неабмежаваныя паўнамоцтвы.
На рэферэндуме 17 кастрычніка 2004 года з Канстытуцыі было выключана палажэнне, якое абмяжоўвае права адной асобы абірацца прэзідэнтам больш чым на два тэрміны.
З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.
10 верасня 2020 года, прадстаўляючы Андрэя Шведа на пасадзе генеральнага пракурора, Лукашэнка назваў масавыя паслявыбарчыя пратэсты, якія працягваліся ў тыя дні, “нахабнай інтэрвенцыяй”, якая “падаграваецца і кіруецца звонку”. Натхняючы наглядны орган на “выратаванне краіны ад гэтага нашэсця”, ён сказаў, што “часам не да законаў, трэба прыняць жорсткія меры”.
Фраза “часам не да законам” стала мемам. З 2020 года ў Беларусі не спыняюцца беспрэцэдэнтныя па маштабе палітычныя рэпрэсіі.
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала рэкордную за апошнія восем тыдняў колькасць спробаў парушэння мяжы з беларускага бокуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў ПольшчыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў Польшчы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 23,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка