be
Arrow
Мінск 23:40

Міністр фінансаў: Дэфіцыт бюджэту-2024 запланаваны на ўзроўні 1,9% ВУП — менш за 5 млрд рублёў

29 жніўня, Позірк. Паводле ацэнак урада, дэфіцыт бюджэту на 2024 год “плануецца каля 1,9% ВУП, гэта значыць менш за 5 млрд рублёў”, заявіў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў 29 жніўня па выніках пасяджэння ўрада.

Даходы кансалідаванага бюджэту, паводле яго слоў, вырастуць прыкладна на 6% і складуць каля 67 млрд рублёў. Мясцовыя бюджэты фармуюцца з даходамі на ўзроўні 12%, рэспубліканскі — 6%.

“Фонд аплаты працы плануецца павялічыць на 12%. Мясцовыя бюджэты фармуюцца з вялікім ростам даходаў, таму што, як вядома, уся асноўная нагрузка па сацыяльнай сферы кладзецца менавіта на рэгіёны. У цэлым аб’ём фонду заработнай платы будзе прыкладна 26 мільярдаў рублёў”, — паведаміў кіраўнік Мінфіна (паводле відэафрагмента з тэлеграм-канала ўрада).

Селіверстаў заявіў, што “вялікае значэнне” надаецца рамонту дарог, таму “расходы дарожнага фонду складуць каля 1,9 мільярда рублёў”. 

“Праблемных пытанняў, якія не дазволілі б вырашаць задачы, якія стаяць перад намі ў рамках эканамічнага развіцця, мы не бачым”, — сцвярджае чыноўнік. 

Паводле яго слоў, бюджэт 2023 года будзе выкананы з прафіцытам: па рэспубліканскім даходы зараз апярэджваюць выдаткі прыкладна на 2 млрд рублёў, па рэгіянальных — на 1,5–1,6 млрд.

Падзяліцца: