Мінск 22:36

Назіральнікі на выбарах ад Беларусі паехалі на “новыя расійскія тэрыторыі” — Гайдукевіч

Старшыня Цэнтрвыбаркама РФ Эла Памфілава
Фота: "Российская газета"

16 сакавіка, Позірк. Назіральнікі на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі, якія прадстаўляюць афіцыйны Мінск, наведваюць акупаваныя тэрыторыі Украіны, вынікае з заявы старшыні праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі, намесніка старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алега Гайдукевіча.

“Мы, канешне, сочым, ездзім. І нашыя назіральнікі паехалі на новыя тэрыторыі расійскія, таму што… Не ў Маскву, не ў Піцер. Мы жадаем паглядзець менавіта там. І нашая падтрымка там, на мой погляд, значна больш патрэбная і важная”, — заявіў ён 15 сакавіка ў праграме беларускага прапагандыста Рыгора Азаронка, якая транслюецца на расійскіх рэсурсах (“Соловьев. Live”).

“За выбарамі прэзідэнта Расіі будуць назіраць і прадстаўнікі ЦВК Беларусі. Афіцыйная дэлегацыя на чале са старшынёй ЦВК Беларусі Ігарам Карпенкам прыбудзе ў Маскву ўжо сёння”, — гаварылася ў тэлеграм-канале Цэнтрвыбаркама 15 сакавіка.

Аб прыездзе Карпенкі ў сталіцу РФ не паведамлялася.

Як вынікае з матэрыялаў Савета Рэспублікі, яго члены ўдзельнічаюць у місіі назірання ад Міжпарламенцкай асамблеі СНД.

Восьмыя выбары прэзідэнта РФ праходзяць 15–17 сакавіка.

У іх удзельнічаюць дэпутаты Дзярждумы Уладзіслаў Даванкоў, Леанід Слуцкі, Мікалай Харытонаў і дзейны прэзідэнт Уладзімір Пуцін.

Для 71-гадовага Пуціна, чый удзел у кампаніі стаў магчымым дзякуючы змене Канстытуцыі ў 2020 годзе, гэта будуць пятыя выбары.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой улады ў Мінску падтрымліваюць Крэмль.

24 кастрычніка 2023 года дарадца-пасланнік амбасады Беларусі ў Маскве Аляксандр Шпакоўскі (па выніках не прызнаных дэмакратычнымі краінамі выбараў 25 лютага 2024-га стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання) заявіў, што Беларусь будзе працаваць з Крымам “гэтак жа, як і з іншымі рэгіёнамі Расіі”.

Ён паведаміў, што Беларусь “істотна інтэнсіфікавала кантакты” з Крымам. Улады ў Мінску цікавіць “стварэнне сумесных вытворчасцей і лагістыка, курортны патэнцыял” паўвострава.

Акрамя таго, паводле слоў саветніка-пасланніка амбасады, Беларусь зацікаўлена ў выкарыстанні партовай інфраструктуры Крыма.

20 кастрычніка мінулага года па маршруце Ялта — Мінск пачаў курсіраваць аўтобус. Рэйсы выконваюцца раз на чатыры дні.

30 лістапада 2021 года ў інтэрв’ю міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву “Россия сегодня” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта — “гэта расійскі Крым”, а пасля рэферэндуму 2014 года “і дэ-юрэ Крым стаў расійскім”. Паводле яго сцвярджэння, украінскія вайскоўцы без бою аддалі Крым, баючыся, што паўвостраў пяройдзе пад кантроль НАТО.

Не пазней за 1 ліпеня 2024 года ў Растове-на-Доне будзе адкрыта генеральнае консульства Беларусі. У яго консульскую акругу ўвойдуць Растоўская і Валгаградская вобласці РФ, а таксама акупаваныя расійскай арміяй тэрыторыі Украіны — так званыя “данецкая народная рэспубліка”, “луганская народная рэспубліка”, часткі Запарожскай і Херсонскай абласцей і анэксаваны раней Крым.

Падзяліцца: