Мінск 10:38

Дарадца Ціханоўскай: Назваўшы ліцэй імем Дзяржынскага, ці будзеце вы гатовыя прысвоіць універсітэту імя Сталіна?

Таццяна Шчытцова
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

17 сакавіка, Позірк. “Ва ўсіх сэнсах надзвычайным” назвала прапанову прысвоіць ліцэю БДУ імя Фелікса Дзяржынскага дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова.

Паводле яе слоў, якія перадае прэс-служба дэмакратычнага лідара, гэтая ініцыятыва сведчыць пра намер уладаў “узмацняць неататалітарную ідэалогію ў адукацыі і падпарадкоўваць усе адукацыйныя інстытуты інтарэсам сек’юрызацыі“.

“Вельмі паказальна, што імя заснавальніка УЧК прапануецца прысвоіць менавіта ліцэю БДУ. Да 2020 года ліцэй заставаўся самай перадавой навучальнай установай краіны — у тым ліку таму, што быў самым свабодным ад кантролю розных дзяржінстанцый”, — адзначыла Шчытцова.

“Шматгадовая атмасфера інтэлектуальнай свабоды, крэатыўнасці і ўзаемнай павагі паміж ліцэістамі, выкладчыкамі і адміністрацыяй”, падкрэсліла яна, зрабіла гэтую навучальную ўстанову “сапраўды ўнікальнай”.

“Каб пакласці канец гэтай традыцыі, у ліцэі пасля 2020-га паслядоўна звальнялі педагогаў, некалькі разоў мянялі кіраўнікоў, пакуль, нарэшце, не знайшлі “жалезнае рашэнне” — прызначыць дырэктара з чэкісцкім бэкграўндам”, — сказала дарадца Ціханоўскай.

Такім чынам, на яе думку, “рэжым шле цынічна-катэгарычны меседж: тое, што раней асацыявалася са свабодай, цяпер будзе асацыявацца з заснавальнікам УЧК”. “А значыць, і з інстытуцыяй, якая паклала пачатак доўгай традыцыі арганізаванага дзяржаўнага тэрору ў СССР — ад УЧК праз НКУС да КДБ, — удакладніла Шчытцова. — Адпаведна, гэта адначасова і меседж падтрымкі цяперашнім органам бяспекі, у кабінетах якіх дагэтуль вісіць партрэт Фелікса Эдмундавіча”.

“У тактычным плане ініцыятыва [дырэктара ліцэя Таццяны] Мамчыц, здаецца, мае цалкам пэўную практычную мэту — праверку на “жалезнасць” цяперашняга рэктара БДУ [Андрэя Караля]”, — лічыць дарадца Ціханоўскай, бо яму трэба будзе разгледзець прапанову, “у лепшых традыцыях КДБ аформленую ў выглядзе “калектыўнага звароту”.

“Мяркую, гэта сур’ёзны маральны выклік для доктара педагагічных навук, чалавека, які вывучаў і прасоўваў дыялагічны метад у навучанні, і які 14 жніўня 2020 года паабяцаў не адлічваць студэнтаў і не звальняць выкладчыкаў за ўдзел у пратэстных акцыях. З тых часоў Кароль праходзіць складаныя этапы прарэжымнай загартоўкі. Што ж, менавіта так гартуецца “чэкісцкая сталь”, а надзвычайнае становішча заўсёды патрабуе надзвычайных мер”, — сказала Шчытцова.

“Пасля таго як вы падтрымаеце прысваенне ліцэю імя Дзяржынскага, ці будзеце вы гатовыя прысвоіць універсітэту імя Сталіна?” — задала “паважанаму спадару рэктару” “чыста тэарэтычны пытанне” дарадца дэмлідара.

14 сакавіка на сустрэчы з кіраўніцтвам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта дырэктар Ліцэя БДУ Таццяна Мамчыц перадала рэктару БДУ Андрэю Каралю калектыўны зварот супрацоўнікаў ліцэя з прапановай прысвоіць навучальнай установе імя “выбітнага ўраджэнца беларускай зямлі” Фелікса Дзяржынскага.

Мамчыц заняла пасаду дырэктара адной з самых прэстыжных сярэдніх навучальных устаноў Беларусі ў верасні 2023 года. Паводле звестак незалежных СМІ, раней яна працавала ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі, які рыхтуе кадры для КДБ.

У Ліцэі БДУ дзеці вучацца ў 10 і 11 класах, пры паступленні ва ўстанову з года ў год вельмі высокі конкурс.

У ліцэі навучаюцца па профілях. Ёсць гуманітарны (беларуская філалогія), філалагічны (руская філалогія), гісторыка-грамадазнаўчы, грамадазнаўчы, эканамічны, геаграфічны, біялагічны, хімічны, матэматычны, інфарматыка-матэматычны, інфарматыка-фізічны, фізічны профілі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у гэтай навучальнай установе павінен быў пачаць вучыцца ў 2020 годзе малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Лукашэнка пасля заканчэння 9 класаў Астрашыцкай сярэдняй школы (Мінскі раён, Мінская вобласць). СМІ паведамлялі, што ён паспяхова здаў іспыты і быў залічаны на біялагічны профіль, аднак заняткаў не пачаў. Пазней стала вядома, што ён вучыўся ў закрытай прыватнай школе, а потым з’ехаў у Кітай атрымліваць вышэйшую адукацыю.

Фелікс Дзяржынскі (1877–1926) — ураджэнец Беларусі (Дзяржынава, Мінская вобласць). Заснавальнік Усерасійскай надзвычайнай камісіі, якая пасля пераўтваралася ў АДПУ, НКУС, КДБ.

Да кастрычніка 1917 года Дзяржынскага неаднаразова арыштоўвалі, увогуле ён правёў 11 гадоў у турмах і на катарзе, дзе захварэў на сухоты.

Апублікаваны лісты Дзяржынскага, у якіх ён тлумачыць сваю жорсткасць у адносінах да ворагаў рэвалюцыі, за што атрымаў мянушку Жалезны Фелікс.

Дзяржынскі прызнаваўся ў лістах жонцы, што “для многіх няма імя страшнейшага”, чым ён, называў сябе “салдатам рэвалюцыі”.

У Беларусі ёсць горад Дзяржынск, які з’яўляецца раённым ментарам (Мінская вобласць). У Мінску яго імем названы праспект, помнік Дзяржынскаму ў сталіцы знаходзіцца ў скверы насупраць будынка КДБ.

У Дзяржынава працуе музей-сядзіба яго сям’і.

Падзяліцца: