Мінск 19:46

Латушка: Акцыя “Апоўдні супраць Пуціна” на выбарах у Расіі не стварае адчування пратэстнай большасці

Акцыя "Апоўдні супраць Пуціна" на выбарчым участку ў Санкт-Пецярбургу
Фота: "Новая газета. Еўропа"

17 сакавіка, Позірк. “Сімвалічнай” назваў акцыю расійскай апазіцыі “Апоўдні супраць Пуціна” на прэзідэнцкіх выбарах, якія праходзяць у гэтай краіне, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

У каментары Позірку 17 сакавіка ён адзначыў, што ў адрозненне ад Расіі на выбарах 2020 года ў Беларусі дзеянні грамадства “былі накіраваныя на змяненне палітычнай сістэмы”.

“У 2020 годзе ў Беларусі былі перакульваючыя выбары, якія прадэманстравалі поўнае фіяска і палітычную паразу Лукашэнкі. У Расіі, нягледзячы на акцыю “Апоўдні”, няма адчування дэмакратычнай і пратэстнай большасці”, — сказаў палітык.

Большасць расіян, паводле слоў Латушкі, не выступіла супраць вайны ва Украіне і прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, тады як “большасць беларусаў супраць вайны і супраць Лукашэнкі”.

“Апоўдні супраць Пуціна” — мірная пратэстная акцыя, якая палягае ў тым, што грамадзяне Расіі, якія не падтрымліваюць палітыку Крамля, масава прыйдуць да выбарчых участкаў у апошні дзень прэзідэнцкіх выбараў а 12 гадзіне. Сярод ініцыятараў акцыі — каманда палітыка Аляксей Навальнага, які памёр 16 студзеня ў зняволенні.

Расійскія незалежныя медыя і тэлеграм-каналы публікуюць 17 сакавіка фота і відэа з выбарчых участкаў, куды ў 12 гадзін прыйшлі людзі. Паводле ацэнак экспертаў, у акцыі ў РФ і за мяжой узялі ўдзел тысячы расіян.

Улады РФ вялі прапагандысцкую кампанію супраць акцыі, пагражаючы ўдзельнікам пераследам. На некаторых участках праведзеныя затрыманні актывістаў.

Восьмыя выбары прэзідэнта РФ праходзяць з 15–17 сакавіка.

У іх удзельнічаюць дэпутаты Дзярждумы Уладзіслаў Даванкоў, Леанід Слуцкі, Мікалай Харытонаў і дзеючы прэзідэнт Уладзімір Пуцін.

Для 71-гадовага Пуціна, чый удзел у кампаніі стаў магчымым дзякуючы змене Канстытуцыі ў 2020 годзе, гэта пятыя выбары.

Грамадзяне Расіі, якія знаходзяцца ў Беларусі, могуць прагаласаваць 17 сакавіка на шасці выбарчых участках.

Участкі адкрыты ў Мінску (будынак дыпламатычнага прадстаўніцтва — вул. Нававіленская, 1а), Брэсце (генеральнае консульства — вул. Пушкінская, 10), Віцебску (Цэнтр культуры “Віцебск” — вул. Маякоўскага, 1), Гомелі (Расійскі цэнтр навукі і культуры — вул. 50 гадоў БССР, 7), Магілёве (ліцэй Беларуска-расійскага ўніверсітэта — вул. Ленінская, 61), Гродна (філіял канцэртнай залы Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры — вул. Дзяржынскага, 1).

Галасаванне праводзіцца з 8:00 да 20:00 па мінскім часе.

Паводле звестак амбасады РФ у Беларусі, на 11.00 беларускія выбарчыя ўчасткі наведала больш за 2,5 расійскіх грамадзян.

Назіральнікі на выбарах ад Беларусі паехалі на "новыя расійскія тэрыторыі" — Гайдукевіч

16 сакавіка, Позірк. Назіральнікі на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі, якія прадстаўляюць афіцыйны Мінск, наведваюць акупаваныя тэрыторыі Украіны, вынікае з заявы старшыні праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі, намесніка старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алега Гайдукевіча. “Мы, канешне, сочым, ездзім. І нашыя …
Падзяліцца: