Мінск 23:22

Кіраўнік МЗС Латвіі: Беларусь кантралюецца РФ, таму на яе трэба распаўсюдзіць усе антырасійскія санкцыі ЕС

Фота: канцылярыя прэзідэнта Латвіі / Ilmārs Znotiņš

18 сакавіка, Позірк. Беларусь “цалкам і эфектыўна” кантралюецца Расіяй, таму на яе трэба распаўсюдзіць усе антырасійскія санкцыі Еўрасаюза, прынятыя ў сувязі з агрэсіяй супраць Украіны, заявіў журналістам кіраўнік МЗС Латвіі Крыш’яніс Карыньш 18 сакавіка ў Бруселі перад пачаткам пасяджэння Савета ЕС па замежных справах.

У сваю чаргу вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль пацвердзіў, што абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі ўключана ў парадак дня сённяшняга пасяджэння.

У парадку дня адзначана, што савет “абмяняецца думкамі аб апошніх падзеях у Беларусі, надаўшы асаблівую ўвагу пагаршэнню сітуацыі з правамі чалавека і працяглай падтрымцы беларускім рэжымам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны”.

Прыводзіцца спасылка на прынятую 19 лютага заяву савета, у якой сярод іншага гаворыцца пра “нязменную падтрымку памкнення беларускага народа да стварэння свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі”.

7 сакавіка дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Бухарэсце са старшынёй Еўрапейскай камісіі Уршулай фон дэр Ляен. Яна звярнула ўвагу суразмоўцы на праблемы з легалізацыяй беларусаў у краінах Еўрасаюза, а таксама выказала надзею, што кіраўніцтва ЕС працягне падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі для вызвалення палітвязняў і супрацьдзеяння расійскай агрэсіі.

Падзяліцца: