Мінск 06:29

Анэксаваны Крым гатовы ў бліжэйшыя гады наладзіць чыгуначныя зносіны з Беларуссю

Архіўнае фота: zn.ua

20 сакавіка, Позірк. Ва ўрада анэксаванага Расіяй Крыма “маюцца ўсе напрацоўкі”, каб у бліжэйшыя гады наладзіць чыгуначныя зносіны з Беларуссю, вынікае з заявы прызначанага Масквой пастаяннага прадстаўніка паўвострава пры прэзідэнце РФ Георгія Мурадава.

На прэс-канферэнцыі 19 сакавіка чыноўнік заявіў, што “эксперты з Крыма і Беларусі” на працягу двух гадоў абмяркоўваюць сумесны праект па наладжванні чыгуначнай лініі.

Паводле яго слоў, да пачатку турыстычнага сезона “плануецца ўвесці ў працу адмысловыя вагоны” для ахвочых трапіць з Беларусі ў Крым. Вагоны будуць “прычапляць да цягнікоў, якія ідуць на паўвостраў, пасля прыезду ў Расію”.

Мурадаў заявіў, што ў будучыні таксама плануецца адкрыць прамыя авіязносіны з Беларуссю.

20 кастрычніка 2023 года па маршруце Ялта — Мінск пачаў курсіраваць аўтобус. Рэйсы выконваюцца раз на чатыры дні.

30 лістапада 2021 года ў інтэрв’ю міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву “Россия сегодня” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта — “гэта расійскі Крым”, а пасля рэферэндуму 2014 года “і дэ-юрэ Крым стаў расійскім”. Паводле яго сцвярджэння, украінскія вайскоўцы без бою аддалі Крым, баючыся, што паўвостраў пяройдзе пад кантроль НАТО.

У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў пра намер Кіева вярнуць Крым “любымі сродкамі, якія палічыць правільнымі”.

Падзяліцца: