Мінск 17:57

“Белсат” праводзіць аўдыт выдаткаў — Дзікавіцкі

Фота: "Позірк"

20 сакавіка, Позірк. Тэлеканал “Белсат” праводзіць унутраны аўдыт выдаткаў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 20 сакавіка ў Варшаве яго кіраўнік Аляксей Дзікавіцкі.

Паводле Дзікавіцкага, на сёння ён з’яўляецца выконваючым абавязкі дырэктара — на трохмесячны тэрмін. Раней ён займаў пазіцыю намесніка дырэктара.

Журналіст нагадаў, што “Белсат” застаецца агульнатэматычным каналам, а не толькі інфармацыйным.

Ён звярнуў увагу на тое, што СМІ выпускае прадукцыю не толькі па-беларуску, але і па-ўкраінску і па-руску, робіць рэпартажы з вайны ва Ўкраіне.

“У сітуацыі значнага абмежавання сродкаў гэта рабіць больш цяжка. Трэба будзе прымаць цяжкія рашэнні, ад чаго адмаўляцца, што пакідаць, — сказаў ён. — Наколькі зменіцца сетка вяшчання — гэтым мы зараз займаемся. Аўдыт выдаткаў — дакладны і строгі. Мы мусім адмовіцца ад часткі праектаў, якія яшчэ не пачалі, на шчасце. Таксама некаторыя праекты рабіць радзей, а ад некаторых адмовіцца”.

Штотыднёвыя перадачы будуць выходзіць радзей, плануецца скараціць выдаткі на канкрэтныя праграммы, не будуць працягнуты гістарычны праект “Лабірынты”, здымкі мастацкага серыяла “Працэсы”, “мы, пэўна, не запусцім музычныя праграмы”, удакладніў Дзікавіцкі.

Таксама, сказаў ён, “Белсат” адмовіцца ад тэставых выпускаў новых праектаў на “Ютубе”.

Прадстаўнік СМІ паведаміў, што рускамоўныя праграмы яго вытворчасці пачнуць выходзіць таксама на міжнародным канале TVP World (як і “Белсат”, уваходзіць у структуру Польскага тэлебачання. — “Позірк”.) у англамоўным тлумачэнні.

Тэлеканал, паводле кіраўніка, не будзе адмаўляцца ад спадарожнікавага вяшчання, нягледзячы на яго высокавыдатковасць. Аргументам з’яўляецца досвед блакавання інтэрнету ў Беларусі ў 2020 годзе.

Таксама кіраўніцтва мае намер далей развіваць сацсеткі і іншыя пляцоўкі для распаўсюджання кантэнту.

У 2023 годзе “Белсат”, асноўнай крыніцай фінансавання якога з’яўляюцца сродкі ад МЗС Польшчы, атрымаў ад ведамства 63 млн злотых (каля 15,8 млн доллараў на сёння). На бягучы год гэтая сума скарочана да 40 млн (трохі болей за 10 млн), сказаў Дзікавіцкі.

Такім чынам, указанае фінансаванне скарочана на 36,5%.

Паволе яго, пачаўся пошук іншых донараў сродкаў, акрамя МЗС краіны. Сітуацыя з фінансаваннем “можа пераламіцца ў другой палове гэтага года”, мяркуе кіраўнік медыя.

“Калі я гляджу на бюджэт, які ўжо абрэзаны, на сёння нам, каб захаваць самае каштоўнае, што ў нас ёсць, — калектыў і нашую разнароднасць — нам не хапае каля 10-11 млн злотых”, — заявіў ён.

На сёння на “Белсаце” працуе агулам каля 300 чалавек, “калі б быў толькі інфармацыйны канал, то хапіла б паловы гэтага персаналу”, удакладніў Дзікавіцкі.

Каментуючы звальненне сваёй папярэдніцы на пасадзе Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, ён сказаў: “Я вельмі шкадую, што здарылася так, як здарылася”. Дзікавіцкі падкрэсліў важнасць яе ролі ў стварэнні і развіцці тэлеканала.

Рэдакцыйная палітыка “Белсата” не зменіцца, вынікае з яго слоў.

Каментуючы інфармацыю аб новых патрабаваннях да тэлеканала з боку МЗС Польшчы, кіраўнік заявіў: “Я на дыялог спадзяюся, яго яшчэ пакуль не было”.

“Жаданні такія, што… Яны былі адным сказам мне асабіста сказаныя, што сетка “Белсата” павінна быць больш прывабнай, — дадаў ён. — Але гэта агульныя словы. Я не ведаю, што такое прывабная. Для мяне вельмі прывабнай была б сетка вяшчання, дзе б ад раніцы да вечара быў хэві-метал і хард-рок. Для майго сваяка — рыбалка. Для кагосці — Віталь Цыганкоў каб быў цэлы дзень, а яшчэ для кагосьці — дакументальнае кіно. Таму гэта няяснае патрабаванне. Спадзяюся, такая размова яшчэ будзе”.

Польскія ўлады не ўплываюць на рэдакцыйную палітыку і змест матэрыялаў “Белсата”, заявіў Дзікавіцкі.

Гл. таксама:

Экс-дырэктар “Белсата” Рамашэўска-Гузы заявіла, што яе звольнілі “паводле дысцыплінарнай падставы”

МЗС Польшчы абвяргае інфармацыю аб двухразовым скарачэнні фінансавання “Белсата”

“Белсат” узначаліць Дзікавіцкі — экс-намеснік Рамашэўскай-Гузы (дапоўнена)

Падзяліцца: