Мінск 20:54

Суд ЕС зняў санкцыі з “Белшыны” праз яе стратнасць

Фота: bobruisk.news

20 сакавіка, Позірк. Суд Еўрапейскага саюза ў Люксембургу зняў накладзеныя на ААТ “Белшына” абмежавальныя меры.

У рашэнні, апублікаваным на сайце суда, сцвярджаецца, што Савет Еўрасаюза, які выступаў адказчыкам, не змог даказаць, што прадпрыемства, будучы адным з вядучых у Беларусі, служыць “істотнай крыніцай даходаў для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”.

Таксама, на думку судовага органа, недаказаным засталося сцвярджэнне, што беларуская дзяржава “наўпрост здабывае выгаду з даходаў прадпрыемства”.

У пастанове адзначаецца, што на судзе пазоўнік прадставіў дакументы, якія сведчаць аб стратнасці завода.

Акрамя гэтага, суд прыйшоў да высновы аб недаказанасці абвінавачванняў ва ўдзеле кіраўніцтва “Белшыны” ў палітычных рэпрэсіях, у прыватнасці, у звальненнях работнікаў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 2020 года.

Суд пастанавіў адмяніць рашэнне аб увядзенні еўрапейскіх санкцый, абавязаўшы Савет ЕС аплаціць усе выдаткі на працэс.

2 снежня 2021 года Еўрасаюз уключыў вытворцу шын ААТ “Белшына” (Бабруйск, Магілёўская вобласць) у пяты пакет санкцый. 20 снежня да санкцый ЕС далучылася Швейцарыя, 22 снежня — Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Сербія, Чарнагорыя, у сакавіку 2022 года — Японія, у кастрычніку 2022-га — Украіна.

9 жніўня 2021 года генеральны дырэктар “Белшыны” Андрэй Бунакоў быў уключаны ў санкцыйныя спісы ЗША.

На пашыранай нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў, якая прайшла 14 лютага 2023 года, Аляксандр Лукашэнка паведаміў аб арышце Бунакова.

Той нібыта заключыў кантракт з расійскімі партнёрамі на продаж буйнагабарытных шын на 16–20% ніжэй за сабекошт. “А расійскія кампаніі — гэтыя жулікі, якія ў яго купілі ніжэй за сабекошт, вышэйшыя за сабекошт амаль на 60% перапрадаюць тавар. Гэта значыць пасярэднік. У той час, калі ў Расіі ёсць свой афіцыйны дылер, гандлёвы дом, праз які можна прадаваць па любым кошце шыны”, — сказаў Лукашэнка.

Раней шэраг беларускіх прадпрыемстваў і праўладных палітыкаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі, спрабавалі ануляваць абмежаванні праз суд ЕС, але беспаспяхова.

Падзяліцца: