Мінск 23:31

Затрыманы ў Арменіі на запыт сілавікоў беларус Яраслаў Новікаў атрымае прытулак у гэтай краіне — прэс-служба Ціханоўскай

Ілюстратыўнае фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

21 сакавіка, Позірк. Аб больш шчыльным супрацоўніцтве з армянскімі парламентарыямі шла гаворка на сустрэчы дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай са спікерам парламента Арменіі Аленам Сіманянам, паведаміла “Позірку” прэс-служба беларускага палітыка.

Ціханоўская выказала словы салідарнасці, а таксама падзякавала за рашэнне прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна не прыязджаць на саміт АДКБ ў Мінск у лістападзе мінулага года.

Таксама з армянскай дэлегацыяй падымалася пытанне беларуса Яраслава Новікава, затрыманага на запыт сілавікоў Беларусі. Прадстаўнікі Арменіі паведамілі, што ён атрымае палітычны прытулак.

Сустрэча адбылася ў Еўрапарламенце падчас кангрэсу Еўранэсту, на якім выступіла Святлана Ціханоўская. Акрамя Арменіі, удзел у кангрэсе бралі дэпутаты Азербайджана, Грузіі, Украіны і Малдовы.

17 сакавіка стала вядома, што ў Арменіі на запыт беларускіх уладаў затрыманыя чацвёра мужчын. Іх абвінавачваюць ва ўхіленні ад прызыву на вайсковую службу. Аднаго з затрыманых завуць Яраслаў Новікаў. У судовым парадку вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі, якой спрабуюць перашкодзіць армянскія праваабаронцы і беларускія дэмакратычныя сілы.

Падзяліцца: