Мінск 22:00

Скасаванне пуску карабля “Саюз МС-25” здарылася з-за прасадкі напружання хімічнай крыніцы току — Раскосмас

Скрыншот: трансляцыя "Раскосмас ТБ"

21 сакавіка, Позірк. Скасаванне пуску пілатуемага карабля “Саюз МС-25” з беларускай Марынай Васілеўскай на борце здарылася з-за “прасадкі напружання хімічнай крыніцы току”, паведаміў кіраўнік дзяржкарпарацыі “Раскосмас” Юрый Барысаў.

Паўторны пуск запланаваны на 23 сакавіка ў 15:36 па маскоўскім часе, сказаў ён.

Барысаў заявіў, што сітуацыя “знаходзіцца пад кантролем — усе дзейнічаюць згодна з прынятым рэгламентам і інструкцыям”.

Запуск павінен быў адбыцца 21 сакавіка ў 16:21, але здарылася “аўтаматычнае скасаванне пуску”.

Першапачаткова палёт з удзелам беларускі быў запланаваны на сакавік 2023 года. Пасля было заяўлена, што з-за няштатнай сітуацыі ён будзе перанесены на восень. Пазней тэрмін перанеслі яшчэ на паўгода. Таксама называўся люты 2024-га. Апошняй да сённяшняй датай было 13 сакавіка.

Васілеўская 6 студзеня ў Мінску па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіла, што возьме ў палёт сямейную дзіцячую фатаграфію, сцягі Беларусі і Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама алімпійскі сцяг.

29 траўня 2023 года паведамлялася, што бортправадніца авіякампаніі “Белавія” прызначаная ў асноўны склад экіпажа для палёту на Міжнародную касмічную станцыю. Васілеўская пазначана ў якасці ўдзельніцы касмічнага палёту ў місіі ЭП-21.

Другая прэтэндэнтка на ўдзел у палёце на МКС ад Беларусі, дзіцячы хірург Анастасія Лянкова, увайшла ў дублюючы склад экіпажа.

Для палёту ў космас медкамісію змаглі прайсці шэсць прэтэндэнтак, спачатку ў Беларусі, затым у Расіі.

Падзяліцца: