Мінск 10:51

Затрымана мінімум 18 сябраў “Маладога фронту”, сярод іх брат кіраўніка арганізацыі Урбановіча

Дзяніс Урбановіч (злева) з братамі
Крыніца: "Малады фронт Беларусі"

22 сакавіка, Позірк. За апошнія чатыры дні былі затрыманыя мінімум 18 сябраў “Маладога фронту”, сярод іх чатыры дзяўчыны, паведамляе тэлеграм-канал арганізацыі.

Адзначаецца, што ў Лагойску (Мінская вобласць) вечарам 21 сакавіка і раніцай 22 сакавіка затрыманыя чатыры чалавекі. Вядомыя імёны двух з іх: Мікіта Пацёмкін і Ігар Урбановіч.

Паводле звестак “Маладога фронту”, затрыманыя таксама два браты кіраўніка арганізацыі Дзяніса Урбановіча Максім і Арцём, а таксама бацька Іосіф Урбановіч і сястра Марыля Урбановіч.

“Наша Ніва” паведамляе, што сярод затрыманых толькі адзін са сваякоў Урбановіча — брат Максім.

Сцвярджаецца, што Максім Урбановіч быў “моцна збіты супрацоўнікамі КДБ”, пасля чаго этапаваны ў СІЗА КДБ.

Грамадскі актывіст Дзяніс Урбановіч узначаліў “Малады фронт” у 2018 годзе.

У чэрвені 2020-га і сакавіку — красавіку 2021 года ён адбываў 15-сутачны адміністрацыйны арышт. У жніўні 2021 года Урбановіча затрымлівалі ў Нароўлі (Гомельская вобласць), падазравалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Мазыры ў жніўні 2020 года.

Урбановіч у канцы 2021 года праз рызыку крымінальнага пераследу нелегальна выехаў ва Украіну і цяпер ваюе супраць Расіі ў палку Каліноўскага. У траўні 2022 года быў цяжка кантужаны. У студзені 2023 года таксама атрымаў раненні.

“Малады фронт” — апазіцыйны моладзевы рух, заснаваны ў 1997 годзе. У жніўні 2022 года прызнаны беларускімі ўладамі “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: