Мінск 21:43

Сергеенка ўзначаліў Палату прадстаўнікоў (дапоўнена)

Фота: ПП НС

22 сакавіка, Позірк. Былы кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігар Сергеенка аднагалосна (109 галасамі з 109 прысутных дэпутатаў) абраны старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) Беларусі восьмага склікання.

Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал ПП НС.

Выступаючы пасля абрання, Сергеенка заявіў, што асноўнай задачай дэпутатаў бачыць “выкананне асноўнай ключавой функцыі — заканатворчай дзейнасці”.

Паводле яго слоў, якія перадаюць дзяржСМІ, неабходна “забяспечыць паслядоўнасць і бесперапыннасць заканатворчага працэсу, якасць законаў, якія прымаюцца; захаваць канструктыўнае ўзаемадзеянне з урадам, Саветам Рэспублікі, адміністрацыяй прэзідэнта, органамі дзяржаўнага кіравання; працягнуць распачатую ўсімі дэпутатамі ў электаральную кампанію працу па вывучэнні грамадскай думкі і праблем нашых выбаршчыкаў, удасканальваць у гэтым плане практыку канструктыўнага ўзаемадзеяння з органамі мясцовай выканаўчай улады”.

Заклік да ажыццяўлення заканатворчай дзейнасці прагучаў на фоне нядаўняй інфармацыі аб тым, што за час працы ПП НС сёмага склікання прынятыя 364 законы, з якіх толькі 11 (3,02%) ініцыяваныя непасрэдна дэпутатамі.

Раней Сергеенка займаў пасады першага намесніка старшыні КДБ, начальніка ўпраўлення КДБ па Гродзенскай і Магілёўскай вобласці, адміністрацыю Лукашэнкі ўзначальваў са снежня 2019 года.

Уладзімір Андрэйчанка, які ўзначальваў ПП НС папярэдняга склікання, паводле паведамленняў СМІ, вылучаны кандыдатам у дэлегаты Усебеларускага народнага сходу ад Віцебскай абласной арганізацыі ветэранаў.

Сёлета ўпершыню ў Беларусі прайшлі аб’яднаныя выбары — адзіны дзень галасавання быў прызначаны на 25 лютага, датэрміновае галасаванне пачалося 20-га чысла. Фармат адзінага дня галасавання запазычаны ў Расіі.

Адзіны дзень галасавання і электаральная кампанія ў цэлым прайшлі на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У дэпутаты былі вылучаныя выключна прыхільнікі Лукашэнкі.

Аб непрызнанні выбараў заявіў Дзяржаўны дэпартамент ЗША, з адпаведным каментаром выступіла парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны. Выбары раскрытыкавалі знешнепалітычныя ведамствы Германіі, Даніі, Нарвегіі, Польшчы, Швецыі, група “Дэмакратычная Беларусь” у Бундэстагу, Група еўрапейскіх паслоў па правах чалавека, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (СЕ), прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад СЕ, Савет па правах чалавека ААН і іншыя арганізацыі.

Падзяліцца: