Мінск 10:01

Афіцыйных кантактаў паміж Мінскам і Кіевам не было з сакавіка 2022 года — Кізім

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага ў Жытоміры (кастрычнік 2019 года)
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

23 сакавіка, Позірк. Афіцыйных кантактаў паміж Мінскам і Кіевам не было з пачатку вясны 2022 года, заявіў амбасадар Украіны па асобых даручэннях па Беларусі, былы кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Мінску Ігар Кізім 23 сакавіка ў Празе на ІІІ Канферэнцыі беларусаў свету (выступаў з дапамогай відэасувязі).

Дыпламат паведаміў, што ў сакавіку 2022 года Аляксандр Лукашэнка звязваўся праз яго з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Пасля гэтага ніякіх зносін не было.

Паводле слоў Кізіма, Лукашэнка — чалавек, які дазволіў атакаваць Украіну са сваёй тэрыторыі і працягвае падтрымліваць вайну, у тым ліку прыцягвае прадпрыемствы абароннага комплексу ў дапамогу расійскай арміі.

Акрамя таго, менавіта Лукашэнка адказны за прапаганду, якая стварае негатыўны вобраз Украіны ў Беларусі. Амбасадар перакананы, што без яго дазволу “гэта не можа адбывацца”.

Такім чынам, інфармацыя пра тое, што “нехта на высокім узроўні ў Украіне можа весці закулісныя перамовы з такім чалавекам, з’яўляецца фэйкам”, падкрэсліў Кізім.

Падзяліцца: