Мінск 02:34

У Беларусь зноў прывезлі дзяцей з акупаванай РФ часткі Украіны

Дзеці з акупаваных РФ тэрыторый Украіны
Скрыншот: сюжэт тэлеканала АНТ

26 сакавіка, Позірк. 39 школьнікаў з акупаванай Расіяй часткі Херсонскай вобласці Украіны прывезлі ў рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Лясная паляна” ў Смаргонскім раёне (Гродзенская вобласць), вынікае з інфармацыі дзяржаўнага тэлеканала АНТ.

Дзецям ад 8 да 15 год. Паведамляецца, што іх наведалі прадстаўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК). Згодна з сюжэтам, школьнікаў даставілі ў рамках “гуманітарнага праекта” фонду Аляксея Талая “на даручэнне прэзідэнта Беларусі і пры падтрымцы дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы”. Акрамя таго, было заяўлена, што “пасля адпраўкі дзяцей з Херсонскай вобласці дадому”, Беларусь будзе рыхтавацца “сустракаць чарговых маленькіх гасцей з Данбаса”.

Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь было вывезена не менш за 2,5 тыс. дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны. Датычнымі да гэтай дзейнасці называюцца беларускі паралімпіец і праўладны грамадскі дзеяч Аляксей Талай, ААТ “Беларуськалій”, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, БЧК ды інш. Маюцца пэўныя сведчанні, што ў Беларусі займаюцца іх “перавыхаваннем” прывезеных дзяцей у духу любові да РФ.

17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у дачыненні да Лукашэнкі.

1 снежня Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла членства БЧК, паколькі арганізацыя не вызваліла ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, які абвінавачваецца ў датычнасці да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.

Шаўцоў, Талай і яго фонд былі ўключаныя ў 13-ты пакет санкцый ЕС супраць РФ, прыняты 23 лютага 2024 года. Талай таксама быў уключаны ў санкцыйны спіс ЗША, прыняты напярэдадні другой гадавіны пачатку вайны ва Украіне.

Падзяліцца: