Мінск 22:34

Дэмсілы назвалі “выдатнай навінай” спрашчэнне працэдуры атрымання грамадзянства Германіі

Крыніца: медыяцэнтр Еўрапейскага парламента / B. MAINDIAUX

28 сакавіка, Позірк. Спрашчэнне працэдуры атрымання грамадзянства Германіі з’яўляецца “выдатнай навінай для беларусаў”, адпаведныя змены ў нямецкім заканадаўстве “істотна аблегчаць жыццё” эмігрантам, паведаміў тэлеграм-канал “Народныя амбасады Беларусі”.

Адзначаецца, што новыя правілы набудуць моц 26 чэрвеня 2024 года.

Прадстаўнік “народнай амбасады” ў Германіі Міхаіл Таўбэ звяртае ўвагу на важны аспект у законе. Для атрымання нямецкага грамадзянства цяпер не спатрэбіцца адмаўляцца ад беларускага. Такім чынам, знікае неабходнасць звяртацца з адпаведная просьбай “да рэжыму Лукашэнкі і дыктатара асабіста”.

“Гэта ўстараняе маральны і псіхалагічны бар’ер для многіх, хто лічыць непрымальным зварот да цяперашняга самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі”, — сказаў Таўбэ.

“Гэта адкрывае новыя магчымасці, спрашчаючы працэс інтэграцыі і даючы шанец на набыццё двайнога грамадзянства без неабходнасці адмаўляцца ад сваіх каранёў”, — заявіў прадстаўнік “народнай амбасады”.

Аб прыняцці Бундэстагам паправак у закон “Аб грамадзянстве Германіі” паведамлялася ў студзені. У апошнім чытанні яго ўхвалілі 382 депутаты, супраць прагаласавалі 234, устрымаліся 23. Адзначалася, што змены набудуць моц 1 красавіка.

23 сакавіка ў каментары “Позірку” прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па замежных справах Валер Кавалеўскі падкрэсліў, што “народныя амбасады”, якія дзейнічаюць ужо чацвёрты год, паказалі сваю пераканаўчасць і эфектыўнасць”. “Людзі, якія задзейнічаны ў гэтым праекце, дэманструюць самаадданы падыход, удзельнічаюць у гэтым на пастаяннай аснове і робяць гэта на грамадскіх пачатках”, — адзначыў Кавалеўскі.

“Гэта рэальная сіла, якая вельмі раздражняе Лукашэнку і ягоны рэжым, асабліва на фоне таго, што цяпер адклікаюць амбасадараў у Швэцыі, Германіі. Мірончык і Сідарэнка (Дзмітрый Мірончык узначальваў беларускую дыпламатычную місію ў Швецыі, Дзяніс Сідарэнка — у Германіі. — “Позірк”.) праваліліся цалкам”, — сказаў прадстаўнік АПК.

Паводле слоў Кавалеўскага, тое, што робяць “народныя амбасады” ў той жа Германіі ці Швецыі, “на парадак круцей, лепей, якасней і бліжэй да нацыянальных інтарэсаў беларусаў, чым тое, што рабілі Сідарэнка і Мірончык”.

Падзяліцца: