Мінск 13:56

Пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі прызначаны Расул Багіраў

Фота: прэс-служба ААН

28 сакавіка, Позірк. Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш 28 сакавіка прызначыў пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі прадстаўніка Азербайджана Расула Багірава.

Паводле інфармацыі прэс-службы сусветнай арганізацыі, прызначэнне ўзгодненае з беларускім урадам. Багіраў пачне працу на новай пасадзе 29 сакавіка.

“Доктар Багіраў мае больш чым 25-гадовы досвед працы ў галіне развіцця чалавечага патэнцыялу, аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнай абароны, — адзначае ААН. — У цяперашні час ён працуе ў Групе краінавай стратэгіі і падтрымкі ў офісе генеральнага дырэктара Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) у Жэневе”.

Да гэтага Багіраў узначальваў шматкраінавыя прадстаўніцтвы СААЗ у Самоа, Амерыканскім Самоа, Выспах Кука, Ніуэ і Такелаў, кіраваў праграмамі СААЗ у краінах Еўропы, Карыбскага басейна і заходняй частцы Ціхага акіяна. Ён таксама працаваў у групе Сусветнага банка, “дзе шчыльна супрацоўнічаў з урадамі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, партнёрамі і донарамі ў распрацоўцы і рэалізацыі палітыкі і паслуг на аснове фактычных даных”.

“Доктар Багіраў мае акадэмічныя ступені ў галіне медыцыны, агульнага менеджменту і эканомікі аховы здароўя, атрыманыя ва ўніверсітэтах Баку, Лондана, Нотынгема і Абердзіна”, — гаворыцца ў паведамленні.

З 1 чэрвеня 2023 года выканаўцам абавязкаў пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі быў Эрал Ардуч. Да яго з 15 траўня 2018 года краінавае прадстаўніцтва арганізацыі ўзначальвала Іаана Казана-Вішнявецкі.

Падзяліцца: