Мінск 09:05

Краіны Балтыі і Польшча імкнуцца ізаляваць Беларусь — ДПК

Фота: gpk.gov.by

29 сакавіка, Позірк. “Сумежныя дзяржавы” спрабуюць “эканамічна ізаляваць Беларусь”, закрываючы большасць пунктаў пропуску і “ігнаруючы дамоўленасці па колькасці прыманага транспарту на шляхах міжнародных зносін”, заявіў кіраўнік Дзяржпагранкамітэта Беларусі (ДПК) Канстанцін Моластаў 28 сакавіка ў Хіве (Узбекістан) на нарадзе кіраўнікоў — удзельнікаў СНД.

Маластоў падкрэсліў, што “краіны Балтыі і Польшча працягваюць нарошчванне ваеннай групоўкі НАТО і правядзенне вучэнняў паблізу нашых межаў”.

Гаворачы аб сітуацыі на граніцы з Украінай, ён адзначыў, што абстаноўка “застаецца складанай”.

“Украінскі бок прадаўжае прыцягваць да аховы граніцы розныя ўзброеныя і добраахвотніцкія фарміраванні, што істотна павышае рызыкі ўчынення імі правакацый на беларуска-ўкраінскім участку граніцы”, — сцвярджае кіраўнік пагранведамства.

Пры гэтым чыноўнік заявіў, што Дзяржпагранкамітэт “у поўнай меры кантралююць наяўнае становішча на беларускім участку знешняй мяжы дзяржаў — удзельніц СНД”.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай і Шальчынінкай.

Пасля вынясення палітычна матываванага прыгавору журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух дасяжных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

19 верасня 2023 года з-за ўзрослай плыні нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

14 сакавіка прэс-служба Дзяржпагранкамітэта паведаміла, што на ўчастку адказнасці Мазырскага пагранатрада (Гомельская вобласць) на граніцы з Украінай адкрылі новую пагранзаставу.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю вайне супраць Украіны. З тэрыторыі краіны пачалося ўварванне 24 лютага 2022 года.

Падзяліцца: