Мінск 21:54

Некаторыя сектары эканомікі страцілі тысячы работнікаў — эксперт BEROC

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 31 сакавіка 2024 года ў 11:30

Анастасія Лузгіна
Скрыншот: ток-шоў DW "У самую кропку"

Павелічэнне колькасці занятых за адзін месяц не азначае, што адмоўная тэндэнцыя на рынку працы пераломленая, заявіла “Позірку” экспэрт даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна, каментуючы апошнія даныя Белстата.

Паводле звестак ведамства, якія прааналізаваў “Позірк”, у лютым 2024 года ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 132,9 тыс.чалавек — на 0,09% больш (+3,8 тыс.), чым у студзені, і на 39,5 тыс. менш, чым у лютым 2023-га (-0,95%).

Сезонныя ўсплёскі не ратуюць сітуацыю

Як адзначыла Лузгіна, калі прааналізаваць даныя Белстата аб занятасці насельніцтва за 2023-ы ў параўнанні з 2022 годам, то можна заўважыць, што ўсе паказчыкі ў гадавым вымярэнні знізіліся.

“Нейкія фактары, хутчэй за ўсё сезоннага характару, павышалі занятасць у сакавіку і жніўні 2023 года ў адносінах да папярэдняга месяца, але гэта не з’яўлялася доўгачасовым трэндам”, — сказала эксперт. Паводле яе слоў, назіралася “прасяданне” працоўнай сілы ў большасці сектараў эканомікі. У прыватнасці, “адчувальнае зніжэнне было зафіксавана ў будаўніцтве, транспартнай галіне, аптовым гандлі, сферы інфармацыі і сувязі”, скарачэнне работнікаў “складала не сотні, а тысячы”.

Напрыклад, у сферы транспарту і лагістыкі колькасць работнікаў зменшылася з 281,9 да 274,4 тыс., сельскай гаспадарцы — з 362 да 350,1 тыс., будаўніцтве — з 253,9 да 245,5 тыс., аптовым і рознічным гандлі — з 600,6 да 593,3 тыс., грамадскім харчаванні — з 72,8 да 69,5 тыс., сферы інфармацыі і сувязі — са 137,9 да 122,7 тыс., у адукацыі — з 436,8 да 431,7 тыс.

Пры гэтым, падкрэсліла прадстаўнік BEROC, неабходна ўлічваць спецыфіку той ці іншай галіны: зніжэнне колькасці занятых не заўсёды азначае ўзнікненне іх недахопу. “Возьмем, да прыкладу, IT-сферу. Тут не тое каб не хапала работнікаў. Проста галіна па годзе паказала спад. Такая ж сітуацыя была ў галіне транспарту”, — патлумачыла экспэрт.

Абавязковае размеркаванне будзе ўплываць на рынак працы

На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 21 верасня 2023 года міністр адукацыі Андрэй Іванец анансаваў змены ў Кодэкс аб адукацыі: для выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся платна, планавалася ўвесці адпрацоўку па размеркаванні, а для выпускнікоў бюджэтных аддзяленняў — павялічыць яе тэрмін. Лукашэнка заявіў, што адпрацоўкі на працягу двух гадоў недастаткова, яе неабходна павялічыць да пяці і нават сямі гадоў: “Што такое два гады? Гэта, лічыце, мы яго навучалі ў ВНУ і яшчэ праз настаўніцтва… Навучаем два гады на працы. Я лічу, што тут павінны дзейнічаць забаронныя меры, як бы гэта ні было непапулярна. Ну хоць бы паўзабаронныя, дапусцім, пяць гадоў. Правільна, мэтавікі — пяць гадоў. Можа быць, арыентаваць акуратна да сямі гадоў. У адваротным выпадку не хадзі ў мэтавікі”.

Аднак праз паўгода, на прэс-канферэнцыі 28 сакавіка, міністр адукацыі паведаміў, што зменаў у сістэме размеркавання не будзе.

Тым не менш захаванне статус-кво, на думку Лузгінай, таксама будзе ўплываць на рынак працы: “Мне падаецца, што маладыя людзі, бачачы гэтую сістэму адпрацоўкі, будуць выбіраць для атрымання адукацыі ВНУ бліжэйшых краін, дзе ім не пагражае размеркаванне. А тым больш калі маладым хлопцам яшчэ і армія свеціць. Зразумела, для іх лепш будзе атрымаць адукацыю не ў Беларусі. І, зразумела, добрую, высокааплатную працу”.

Як лічыць эксперт, жорсткія адміністрацыйныя метады ўладаў не спрацуюць, наадварот, яны “палохаюць маладых людзей”, якія “пачынаюць пралічваць рызыкі і робяць высновы”. “Усё павінна рэгулявацца рынкам: трэба ствараць умовы, каб маладыя спецыялісты з задавальненнем прыязджалі і заставаліся “на месцах”, а не пры першай жа магчымасці спрабавалі збегчы”, — падкрэсліла эксперт.

Павышэнне пенсій пад пагрозай

Чалавечы рэсурс — неад’емная частка эканамічнага працэсу, а Беларусь губляе працоўную сілу не першы год, адзначыла Лузгіна. “Калі гэтага рэсурсу становіцца менш, калі ён у дэфіцыце, як у Беларусі, то ўзнікаюць праблемы і ў сферы вытворчасці, і ў сферы паслуг. У выніку гэта абмяжоўвае магчымасці росту таго ж ВУП”, — канстатавала эксперт.

Яна прывяла афіцыйную статыстыку, згодна з якой на канец 2021 года было 92 тыс. вакансій на рынку працы, 2022-га — 95 тыс., 2023-га — амаль 135 тыс.

Паводле слоў Лузгіной, не варта забываць, што сённяшнія работнікі забяспечваюць пенсіянераў. “Калі работнікаў становіцца менш, зніжаецца аб’ём адлічэнняў у ФСАН, які і так дэфіцытны. Цяпер дзяржава пераразмяркоўвае рэсурсы і закрывае гэты мінус. Калі праблема захаваецца, гэта значна паменшыць магчымасці павышэння пенсій у намінальным выражэнні і захавання іх суадносін да сярэдняй заработнай платы на ўзроўні 40%”, — сказала эксперт.

Адзін раён — адзін праект — адзін галаўны боль?

У траўні 2022 года Лукашэнка заявіў, што кожнаму раёну краіны “патрэбны адзін нармальны праект у год”. “Вялікі, малы, але каб людзі бачылі нейкі рух і атрымалі працоўныя месцы”, — запатрабаваў ён. Праз год стала вядома, што ў рамках гэтага даручэння падрыхтавана 129 праектаў (верагодна, па колькасці адміністрацыйных адзінак — 118 раёнаў, 10 гарадоў абласнога падпарадкавання і сталіца).

Паводле інфармацыі Мінэканомікі, у 2023 годзе “завершана рэалізацыя 19 праектаў, у тым ліку адзін уведзены датэрмінова, створана 1.118 працоўных месцаў”. Такім чынам, выканана 15% праектаў згаданай дзяржаўнай ініцыятывы.

У большай ступені яе рэалізацыя “ажыццяўляецца адміністрацыйнымі метадамі”, дзеліцца назіраннямі Лузгіна. “Вядома, нельга казаць, што дэфіцыт працоўнай сілы існуе ў абсалютна ўсіх рэгіёнах краіны. Ёсць, зразумела, раёны, дзе людзі ў сілу розных прычын сапраўды не могуць знайсці працу. І дзесьці стварэнне новага прадпрыемства можа даць штуршок развіццю, але гэта павінна рабіцца не зверху ўніз, а наадварот. Не для галачкі, а з пункту гледжання рацыянальнасці”, — падкрэсліла эксперт.

Адток кадраў з некаторых раёнаў яна тлумачыць адсутнасцю адпаведнай інфраструктуры: “Людзі, асабліва маладыя, з’язджаюць з пасёлкаў і вёсак у гарады, таму што там камфортней жыць, ёсць магчымасць атрымліваць больш высокую зарплату”.

Пры гэтым для многіх найбольш прывабным месцам для працы і жыцця застаецца Мінск, дзе “магчымасці вышэйшыя, чым нават у абласных цэнтрах”, канстатавала Лузгіна.

Падзяліцца: