be
Arrow
Мінск 19:21

Лукашэнка накіраваны на большае ўзаемадзеянне з Кыргызстанам і павелічэнне паставак у Малайзію

31 жніўня, Позірк. Беларусь надае “важнае значэнне паслядоўнаму пашырэнню кантактаў з Кыргызстанам”, “нарошчванню ўзаемадзеяння ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і іншых структур”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 31 жніўня прэзідэнта гэтай сярэднеазіяцкай краіны Садыра Жапарава з Днём незалежнасці.

Згодна з паведамленнем прэс-службы віншавальніка, ён падзякаваў кыргызстанскаму кіраўніку за “асабістую падтрымку імкнення Беларусі стаць паўнапраўным членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва”.

“Адносіны дружбы і павагі, якія склаліся паміж Мінскам і Бішкекам, дазволяць нам паспяхова супрацьстаяць беспрэцэдэнтным глабальным узрушэнням і ўзбагаціць партнёрства новымі ідэямі і перспектыўнымі праектамі”, — лічыць Лукашэнка. 

У віншаванні Абдуле II — вярхоўнаму кіраўніку Малайзіі, якая ў гэты дзень таксама адзначае Дзень незалежнасці, Лукашэнка падкрэсліў, што Мінск і Куала-Лумпур “здолелі пабудаваць асновы плённага двухбаковага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва на міжнародных пляцоўках”. 

Беларусь, сцвярджае ён, гатовая павялічыць пастаўкі хімічнай прадукцыі і харчавання ў гэтую краіну ў Паўднёва-Усходняй Азіі, а таксама развіць “дагаворна-прававую базу эканамічнага партнёрства” і “пашырыць кантакты на ўсіх узроўнях”.

Паводле даных МЗС, тавараабарот Беларусі з Кыргызстанам у 2021 годзе склаў 97,1 млн долараў (беларускі экспарт — 86,2 млн), з Малайзіяй — 172,5 млн (115,4 млн). Актуальных даных у адкрытым доступе няма.

Падзяліцца: