Мінск 04:57

36 рэгіёнаў РФ жадае наладзіць або пашырыць прамыя авіязносіны з Беларуссю

Ілюстратыўнае фота: unsplash.com / William Hook

4 красавіка, Позірк. 36 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі зацікаўленыя ў тым, каб наладзіць прамыя авіязносіны з Беларуссю або пашырыць існыя, паведамляе ТАСС са спасылкай на даныя Міністэрства эканамічнага развіцця РФ.

Акрамя таго, 13 суб’ектаў лічаць мэтазгодным пашырыць аўтамабільныя, аўтобусныя, чыгуначныя зносіны.

Паводле інфармацыі медыя, Беларусь уваходзіць у дзясятку найбольш папулярных замежных кірункаў сярод расіян, а колькасць паездак беларускіх турыстаў у РФ “у 2023 годзе вырасла ў два разы ў параўнанні з папярэднім годам”.

Намеснік міністра эканамічнага развіцця РФ Дзмітрый Вахрукоў заявіў, што двухбаковы турыстычны паток у 2023-м перасягнуў “не толькі папярэдні год, але і дапандэмійны перыяд”. Яго аднаўленню, паводле слоў чыноўніка, “спрыяюць, у тым ліку, адсутнасць моўных бар’ераў і магчымасць здзяйсняць безнаяўную аплату картай “Мір”.

У склад РФ уваходзіць 83 суб’екты, у тым ліку вобласці — 46, рэспублікі — 21, краі — 9, аўтаномныя акругі — 4, гарады федэральнага значэння — 2, а таксама адна аўтаномная вобласць. Акрамя таго, на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны знаходзяцца розныя ўтварэнні і адміністрацыйныя адзінкі, якія Масква лічыць шасцю сваімі суб’ектамі.

З 3 красавіка самалёты “Белавія” пачалі лятаць паміж Брэстам і Масквой, з 22 сакавіка — паміж Гомелем і Санкт-Пецярбургам. З 25 красавіка пачнуць лятаць самалёты паміж Мінскам і Махачкалой, 28 траўня плануецца аднавіць прамыя рэйсы паміж Мінскам і Мурманскам (выконваліся ў траўні — кастрычніку 2023 года, перапыненыя на зімовы перыяд).

Пасля інцыдэнту ў траўні 2021 года з прымусовай пасадкай у Мінску самалёта Ryanair з апазіцыянерамі на борце, які ляцеў з Афін у Вільнюс, краіны Еўрасаюза закрылі для Беларусі сваё неба. “Белавія” і шэраг іншых арганізацый, звязаных з авіяцыйнай галіной, знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі. Нацыянальны авіяперавозчык зараз у асноўным арыентуецца на палёты ў Расію.

Падзяліцца: