Мінск 02:31

Падсанкцыйны канцэрн “Беллеспаперапрам” узначаліў Пшонны — экс-намеснік ранейшага старшыні

Аляксандр Пшонны (злева)
Фота: rechdrev.by

4 красавіка, Позірк. Аляксандр Пшонны ўзгоднены на пасаду старшыні канцэрна “Беллеспаперапрам”. Адпаведнае рашэнне 4 красавіка прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Раней Пшонны быў намеснікам кіраўніка канцэрна. Яго начальнік Міхаіл Касько 4 студзеня стаў амбасадарам у Індыі.

Прызначаючы Пшоннага, Лукашэнка заявіў, што “свет мае патрэбу” ў прадукцыі “Беллеспаперапрама”. “А мы яе не можам прадаць”, — прызнаў ён. Справа ў тым, што 5 снежня 2023 года ў дачыненні да канцэрна ўвялі санкцыі ЗША. Да гэтага Еўрасаюз забараніў імпартаваць драўніну з Беларусі.

4 красавіка Лукашэнка таксама дазволіў падвысіць намесніка старшыні праўлення Банка развіцця Сяргея Сталярчука да кіраўніка гэтай фінансавай установы.

Акрамя таго, на пасаду першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама ўзгоднены Дзмітрый Гарадзецкі, намесніка старшыні гэтага ж выканкама — Міхаіл Бацэнка, намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама — Аляксандр Ільясевіч, старшыні Баранавіцкага гарвыканкама (Брэсцкая вобласць) — Максім Антанюк, старшыні Пінскага райвыканкама (Брэсцкая вобласць) — Сяргей Сазанчук, старшыні Докшыцкага райвыканкама (Віцебская вобласць) — Сяргей Абірала, кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста — Аляксандр Прадун, кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска — Уладзімір Бялевіч.

Падзяліцца: