Мінск 20:02

Палітвязнямі прызнана 13 чалавек, у тым ліку палітык Кучук

Дзмітрый Кучук
Архіўнае фота: "Позірк"

4 красавіка, Позірк. Палітвязнямі прызнана яшчэ 13 чалавек, цяпер іх у Беларусі 1.400, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Статус атрымалі зняволеныя пад варту альбо пазбаўленыя волі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх): Дзмітрый Кучук, Дзіяна Кішкарэнка, Анастасія Юманава, Вольга Патрусаева, Міхаіл Петраш, Юрый Хаванскі, Філіп Стэпін, Яўгенія Цыбулька, Вячаслаў Баравік, Дзмітрый Шчэмер, Іван Дыдышка, Сяргей Крук і Андрэй Анпілогаў, які абвінавачваецца таксама паводле ч. 1 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

Праваабаронцы зноў запатрабавалі ад уладаў вызваліць усіх палітвязняў і іншых грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй права свабоды мірных сходаў у поствыбарны перыяд, і спыніць рэпрэсіі.

Адпаведную заяву акрамя “Вясны” падпісалі Офіс па правах людзей з інваліднасцю, “Прававая ініцыятыва”, Human Constanta і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Былы старшыня дэ-юрэ ліквідаванай Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук быў затрыманы 16 лютага на шляху да амбасады РФ у Мінску, каля якога хацеў ускласці кветкі і запаліць лампадкі ў памяць пра памерлага ў калоніі апазіцыйнага расійскага палітыка Аляксея Навальнага.

Пра тое, што Кучук абвінавачваецца паводле крымінальнага артыкулу, стала вядома 2 красавіка.

Падзяліцца: