Мінск 01:56

Экс-пасол у Кітаі Сянько ўзначаліў федэрацыю прафсаюзаў

Юрый Сянько
Фота: 1prof.by

5 красавіка, Позірк. Былы пасол у Кітаі Юрый Сянько стаў старшынём Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), такое рашэнне 5 красавіка прыняў пазачарговы з’езд арганізацыі.

Як паведамляе прэс-служба ФПБ, на з’ездзе таксама вызначылі 80 дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу.

“Сярод дэлегатаў — лідары прафсаюзных арганізацый рознага ўзроўню, актывісты прафсаюзнага руху, заслужаныя работнікі, чые працоўныя дасягненні з’яўляюцца прыкладам для моладзі, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія выступаюць адказнымі сацыяльнымі партнёрамі і падтрымліваюць ініцыятывы прафсаюзаў. У іх наперадзе сур’ёзная праца — разглядаць і браць удзел у развязанні найважнейшых дзяржаўных задач, працаваць з людзьмі, працоўнымі калектывамі”, — сцвярджаецца ў паведамленні.

Сянько нарадзіўся ў 1967 годзе ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Тут жа працаваў памочнікам камбайнёра, рабочым па рамонце сельгасінвентара. Скончыў Гродзенскі дзяржуніверсітэт (спецыяльнасць — юрыст) і Акадэмію кіравання (спецыяліст у галіне міжнародных адносін). Да дыпламатычнай службы ўзначальваў Дзяржаўны мытны камітэт.

Міхаіл Орда, які кіраваў ФПБ з 2015 года, пакінуў пасаду ў сувязі з атрыманнем дэпутацкага мандата ў Палаце прадстаўнікоў.

Раней паведамлялася, што па 80 чалавек дэлегавалі на УНС арганізацыі “Белая Русь” і Беларускі саюз жанчын. Такую ж колькасць накіруюць Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

18 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў на профільнай нарадзе, што першае пасяджэнне УНС, які атрымаў канстытуцыйны статус, павінна прайсці 24–25 красавіка.

Падзяліцца: