Мінск 02:34

Lawtrend: З 2020 года ў Беларусі ліквідавана больш за 1,6 тыс. НКА

Крыніца: lawtrend.org

5 красавіка, Позірк. За перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца сакавіка 2024-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 1.601 некамерцыйную арганізацыю (НКА) — аб’яднанні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя установы і асацыяцыі, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец лютага 2024 было ліквідавана 1.563 НКА, студзеня — 1.533, снежня 2023-га — 1.509. На канец снежня 2022 года налічвалася 1.173 закрытых некамерцыйных арганізацыі.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец сакавіка не менш за 997 НКА знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі (981 — у канцы лютага, 969 — у канцы студзеня, 960 — у канцы снежня 2023-га) з улікам пададзеных іскавых заяў аб прымусовай ліквідацыі ў суд, прымусовага выключэння з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Колькасць арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, таксама павялічваецца. На канец сакавіка такіх было 604, лютага — 582, снежня 2023-га — 564, снежня 2022-га — 416.

Адзначаецца, што рашэнне аб самаліквідацыі па-ранейшаму прымаецца ў асноўным з-за ціску на членаў НКА, неспрыяльнага прававога асяроддзя і грамадска-палітычнай сітуацыі.

Паводле звестак Lawtrend, на 1 студзеня 2024 года ў краіне было зарэгістравана 2.330 НКА трох арганізацыйна-прававых формаў: грамадскія аб’яднанні (1.761), фонды (118) і недзяржаўныя ўстановы (451). Усяго за 2023 год зарэгістравана не менш за 13 недзяржаўных устаноў, 3 фонду і 17 грамадскіх аб’яднанняў.

Арганізацыя таксама адзначае, што, паводле даных Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці, значна знізіўся агульны аб’ём замежнай дапамогі Беларусі. У 2023 годзе ён склаў 75 млн долараў супраць 87 млн у 2022-м, 102 млн у 2021-м і больш за 91 млн у 2020-м.

27 сакавіка падпісаны ўказ № 112, якім скарэктаваны парадак прадастаўлення і выкарыстання бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, што дзейнічае ў адпаведнасці з указам № 300 ад 1 ліпеня 2005 года. Ён абмежаваў яе прадастаўленне ў замежнай валюце.

Падзяліцца: