Мінск 05:09

Пасля двух візітаў у Гавану кіраўніцтва Мінабароны ў Мінск прыбыла кубінская ваенная дэлегацыя

Фота: Мінабароны Беларусі

8 красавіка, Позірк. У Мінску з працоўным візітам знаходзіцца кубінская ваенная дэлегацыя на чале з камандуючым ППА і ВПС генералам Марыё Эрнэста Радрыгесам Пеньярандай, паведаміла 8 красавіка Міністэрства абароны Беларусі.

Адзначана, што прайшлі перамовы з камандуючым Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі СПА ВС Андрэем Лук’яновічам, на іх “адбыўся грунтоўны абмен думкамі па пытаннях далейшага ўзаемадзеяння”.

“Бакі пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у развіцці кантактаў па лініі ВПС і СПА”, — гаворыцца ў рэлізе.

20 сакавіка Мінаброны Беларусі паведаміла аб перамовах начальніка Генеральнага штаба ВС Віктара Гулевіча з міністрам Рэвалюцыйных узброеных сіл Кубы Альвара Лопесам М’ерай і начальнікам Генштаба гэтай краіны Раберта Легра Саталонга.

30 студзеня ведамства іншафрмавала, што міністр Віктар Хрэнін падчас візіту ў гэтую краіну сустрэўся з кубінскім калегам, на якіх сярод іншага абмяркоўвалася ўзаемадзеянне і міжнародная абстаноўка. Па выніках сустрэчы былі падпісаны дакументы аб двухбаковым ваенным супрацоўніцтве.

Ваенныя чыноўнікі адзначылі “падабенства пазіцый дзяржаў на міжнароднай арэне, моцныя гістарычныя сувязі і агульныя падыходы да ацэнкі ключавых праблем сучаснасці”.

Паводле слоў Хрэніна, Куба з’яўляецца для Беларусі “важным партнёрам на міжнароднай арэне і стратэгічным саюзнікам у Заходнім паўшар’і”, а краіны, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць і “некаторыя культурныя адрозненні, маюць падобныя рысы”. Такімі ён назваў “імкненне да незалежнасці і сацыяльнай справядлівасці, раўнапраўнаму супрацоўніцтву з іншымі дзяржавамі”.

Куба была ў ліку шасці дзяржаў — членаў Савета па правах чалавека ААН, якія прагаласавалі супраць прынятай 4 красавіка дадзеным органам у Жэневе рэзалюцыі “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі”.

Падзяліцца: