Мінск 05:14

Польскія памежнікі спынілі групу з 220 мігрантаў пры спробе пранікнення з боку Беларусі

Скрыншот: Памежная ахова Польшчы

10 красавіка, Позірк. Польскія памежнікі і вайскоўцы прадухілілі пранікненне на тэрыторыю краіны з Беларусі групы з больш чым 220 мігрантаў, інцыдэнт адбыўся раніцай 10 красавіка на ўчастку мяжы ў Падляскім ваяводстве.

Памежная ахова Польшчы паведамляе, што вялікая група нелегалаў спрабавала перайсці мяжу ў раёне памежнага паста ў Белавежы, “замежнікі паводзілі сябе вельмі агрэсіўна: кідалі палкі і камяні ў бок патрулёў памежнай службы і польскага войска, каб пракласці сабе шлях у Заходнюю Еўропу”.

Адзначаецца, што памежнікі “адабралі ў мігрантаў небяспечны інструмент, зроблены з дрэва і цвікоў”. У выніку спроба незаконнага пранікнення была “паспяхова спыненая”, а нелегалы адступілі ўглыб тэрыторыі Беларусі.

Польскае ведамства апублікавала відэа, на якім бачныя некалькі лесвіц, з дапамогай якіх замежнікі мелі намер пераадолець металічную загароду на мяжы.

10 красавіка Памежная ахова Польшчы дала справаздачу аб прадухіленні 368 спробаў пранікнення мігрантаў за два папярэднія дні, з якіх на 9 красавіка, паводле падлікаў “Позірка”, прыйшлося 248 (120).

Усяго на працягу сутак 9 красавіка суседнія краіны Еўрасаюза прадухілілі 267 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з беларускай тэрыторыі (суткамі раней — 135).

З пачатку года гэтыя краіны ЕС зафіксавалі 7.099 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі (Польшча — 5.941, Латвія — 1.005, Літва — 153), у тым ліку ў красавіку — 2.307.

У 2023 годзе было спынена 42.078 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі (Польшча — 25.571, Латвія — 13.863, Літва — 2.644), у 2022-м — 31.892 (Польшча — 15.655, Латвія — 5.026, Літва — 11.211). Агульны рост склаў 31,9% (на польскім напрамку — у 1,6 разы, латвійскім — у 2,8 разы; на літоўскім зафіксавана зніжэнне ў 4,2 разы).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года.

Падзяліцца: