Мінск 23:43

Беларускія войскі СПА аснашчаныя самай сучаснай тэхнікай і ўзбраеннем — Лукашэнка

Фота: sb.by

14 красавіка, Позірк. “Роля і значэнне” супрацьпаветранай абароны пастаянна ўзрастаюць, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы ваеннаслужачых і ветэранаў з Днём войскаў СПА.

У паведамленні, апублікаваным прэс-службай, ён звярнуў увагу на аснашчэнне гэтага роду войскаў “самай сучаснай тэхнікай і ўзбраеннем”, у выніку чаго яны “дэманструюць выдатную палявую вывучку падчас мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі”.

Галоўнымі якасцямі “воінаў СПА” Лукашэнка назваў “высокі прафесіяналізм, гонар, доблесць і мужнасць, якія дазваляюць аператыўна і якасна вырашаць складаныя задачы па абароне паветраных рубяжоў Айчыны”.

Міністр абароны Віктар Хрэнін у сваім віншаванні падкрэсліў, што ў сучасных умовах войскі СПА з’яўляюцца “стратэгічна важным і жыццёва неабходным кампанентам узброеных сіл”, а таксама “надзейным шчытом краіны”. Вайскоўцы, паводле яго слоў, “уносяць важкі ўклад у забеспячэнне ваеннай бяспекі” Беларусі.

Камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі СПА Андрэй Лук’яновіч заявіў, што “ва ўмовах глабальнай геапалітычнай перабудовы супрацьпаветраная абарона разглядаецца як асаблівы фактар стратэгічнага стрымлівання”.

Ён адзначыў, што “пастаянна абнаўляецца парк ўзбраення зенітных ракетных і радыётэхнічных частак: у злучэнні і воінскія часткі паступілі такія сучасныя ўзоры ўзбраення як ЗРК С-400, “Top-M2”, РЛС “Праціўнік” і “Раса”.

10–12 красавіка ў пяці раёнах Беларусі праходзілі вучэнні 120-й зенітнай ракетнай брыгады (дыслакуецца ў Баранавічах, Брэсцкая вобласць). Як адзначаў Лук’яновіч, “упершыню такія маштабныя задачы выконваюцца з прыцягненнем вялікай колькасці вайскоўцаў, прызваных з запасу”. На вучэннях “адпрацаваныя новыя спосабы прымянення зенітна-ракетнага комплексу “Бук”.

Пры выкананні задач, паводле слоў камандуючага ВПС і войск СПА, вялікая ўвага надавалася “пытанням адбіцця паветранага нападу праціўніка, у тым ліку беспілотнымі лятальнымі апаратамі, павышэння жывучасці падраздзяленняў, размяшчэння на мясцовасці, маскіроўкі, процідзеяння дыверсійна-разведвальным групам умоўнага праціўніка”.

Падзяліцца: