Мінск 07:52

19-я мехбрыгада завяршыла вучэнні ў рамках праверкі боегатоўнасці

Скрыншот: тэлеграм-канал Мінабароны

14 красавіка, Позірк. 19-я асобная механізаваная брыгада завяршыла тактычныя вучэнні ў рамках праверкі баявой гатоўнасці, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

“Вайскоўцы і ваеннаабавязаныя, прызваныя на ваенныя зборы, вяртаюцца ў пункт пастаяннай дыслакацыі брыгады”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

19-я мехбрыгада дыслакуецца ў Заслонава (Віцебская вобласць).

Аб прывядзенні брыгады “ў поўную баявую гатоўнасць” Мінабароны заявіла 3 красавіка.

“Адпрацаваныя пытанні пастаўкі асабістага складу, зняцця тэхнікі з захоўвання. Скончаная адзінкавая падрыхтоўка, падрыхтоўка па спецыяльнасці, і цяпер праходзіць зладжванне падраздзяленняў”, — адзначаў намеснік міністра Андрэй Жук.

Пасля “агляду гатоўнасці” брыгады ён анансаваў вучэнні.

“Магу канстатаваць: асабісты склад, які прыбыў для даўкамплектавання падраздзяленняў, вайсковых частак брыгады, матываваны, разумее, для чаго праводзяцца гэтыя мерапрыемствы”, — заявіў ён.

Праверка боегатоўнасці пачалася ва Узброеных сілах 11 сакавіка. Міністр абароны Віктар Хрэнін 26 сакавіка заявіў, што яна праводзіцца штогод з улікам сітуацыі, якая складваецца вакол краіны.

Паводле сцвярджэння чыноўніка, “выклікі і пагрозы ўзрастаюць”, ад суседніх краін гучыць “ваяўнічая рыторыка”. “Спакойна, вядома ж, да гэтага ставіцца мы не можам, таму што ў свой час вывучылі ўрокі гісторыі. Гісторыі, калі каля нашай мяжы засяроджваліся нямецкія войскі, тэхніка, і чым гэта скончылася”, — сказаў Хрэнін.

19 сакавіка Мінабароны паведамляла, што на зборы прызвана да 5 тыс. ваеннаабавязаных.

Падзяліцца: