Мінск 18:54

Міліцэйскія патрулі на вёсцы будуць выяўляць беспрацоўных і пітушчых, а парушальнікаў адпраўляць у ЛПП

Фота: "Позірк"

18 красавіка, Позірк. У сельскай мясцовасці здзяйсняецца кожнае чацвёртае злачынства, нягледзячы на зафіксаванае зніжэнне іх колькасці ў краіне, таму для паляпшэння сітуацыі Міністэрства ўнутраных спраў мае намер патруляваць населеныя пункты “з прыцягненнем страявых падраздзяленняў міліцыі з раённых і абласных цэнтраў”.

Значная частка злачынстваў, паведамляе прэс-служба МУС, “фіксуецца на аб’ектах аграпрамысловага комплексу”, бесперабойная дзейнасць якіх з’яўляецца “гарантам харчовай бяспекі краіны”.

“Асноўнымі прычынамі супрацьпраўных паводзін вяскоўцаў працаздольнага ўзросту з’яўляюцца п’янства, незанятасць у эканоміцы, а таксама парушэнне працоўнай дысцыпліны, — заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр Купчэня. — На змяненне сітуацыі накіраваны комплекс мер, рэалізацыя якога запланавана сумесна са старшынямі сельскіх саветаў, урачамі-нарколагамі, прадстаўнікамі органаў занятасці і сацыяльнай абароны”.

Асаблівую ўвагу, паводле слоў Купчэні, супрацоўнікі МУС нададуць “беспрацоўным, якія злоўжываюць алкаголем, знаходзяцца на ўліках у органах унутраных спраў, пражываюць сумесна з пажылымі бацькамі, або выхоўваюць непаўналетніх дзяцей”.

Паводле задумы, такія грамадзяне “на групавых прафілактычных мерапрыемствах” змогуць “азнаёміцца з вакансіямі і працаўладкавацца”.

“Тыя ж, хто сістэматычна здзяйсняе правапарушэнні ў стане ап’янення і не імкнецца працаваць, будуць накіраваныя ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі”, — заяўляюць у ведамстве.

Паводле інфармацыі МУС, таксама працягнецца праца “па кантролі за выкананнем працоўнай дысцыпліны на аб’ектах АПК”. Плануецца інфармаваць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў “па кожным выпадку парушэнняў”, а паводзіны правапарушальнікаў будуць разглядаць “на пасяджэннях саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку”.

16 красавіка на нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны Аляксандр Лукашэнка, кажучы аб злачынствах у сферы АПК, заявіў што ў 2023 годзе па лініі барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі кожнае пятае злачынства тычылася вёскі.

Паводле яго слоў, ужо ў 2024 годзе “пры кантролі за рухам жывёлы распачатыя больш за сто крымінальных спраў, выяўленыя прыпіскі амаль дзвюх тысяч галоў жывёл”, і “такая карціна па ўсіх абласцях”.

У якасці “акту абуральнага вандалізму” Лукашэнка прывёў прыклад “па Любані” (Мінская вобласць), дзе “дайшлі да таго, што канфіскоўвалі з жывёльных могільнікаў тушы паўшай буйной рагатай жывёлы, раскрыжоўвалі іх і прадавалі на мяса насельніцтву”. Прычым, паводле яго слоў,”гэтым святатацтвам займаліся і ветэрынарныя лекары, і брыгадзіры сельгасарганізацый”.

Падняўшы тэму п’янства, Лукашэнка паведаміў, што ў сельскіх раёнах зафіксаваныя факты “з’яўлення на працы ў стане ап’янення, а ў выніку ўзрасла колькасць траўмаваных работнікаў і колькасць пажараў”. “Такія абуральныя безадказнасць, халатнасць і бязладнасць пры выкананні службовых абавязкаў патрабуюць самых суровых мер рэагавання”, — сказаў ён.

На селектарнай нарадзе па ўборачнай кампаніі 21 ліпеня 2023 года Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя ў сельскай гаспадарцы “далёкая ад ідэальнай”. Спаслаўшыся на інфармацыю ад Генпракуратуры, Камітэта дзяржкантролю і МУС, Лукашэнка звярнуў увагу на “нізкую гатоўнасць збожжаўборачнай тэхнікі, элеватараў, сховішчаў і праблемы з механізатарскімі кадрамі”.

Падзяліцца: