Мінск 00:30

Дарадца Ціханоўскай: Ідэалагічны кантроль і прарасійская прапаганда прывядуць да дэградацыі сацыягуманітарных ведаў у Беларусі

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

19 красавіка, Позірк. Дэградацыя сацыягуманітарных ведаў у Беларусі непазбежная — з-за ідэалагічнага кантролю і ўплыву прарасійскай прапаганды, адзначыла дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Таццяна Шчытцова падчас сустрэчы старэйшых службовых асобаў па пытанні дапамогі Еўрасаюза для дэмакратычнай Беларусі. 

Падчас дыялогу, паводле інфармацыі прэс-службы Ціханоўскай, “актуалізаваліся пытанні, што датычацца розных аспектаў жыцця беларусаў: правоў чалавека, адукацыі і асветы, культуры”. Асобна ішла гаворка “пра метады паляпшэння становішча палітвязняў, іх вызвалення”.

Шчытцова выступіла перад удзельнікамі з прамовай, дзе акцэнтавала ўвагу на неабходнасці захавання і стварэння стыпендыяльных праграмаў, якія дазваляюць беларускай моладзі вучыцца ў еўрапейскіх ВНУ. 

Таксама падкрэслена неабходнасць “падтрымліваць незалежную беларускую навуку”. 

“Акрамя індывідуальнай дапамогі рэпрэсаваным навукоўцам і выкладчыкам, важна падтрымліваць развіццё супрацоўніцтва паміж навукоўцамі з Беларусі і навукоўцамі з іншых краінаў”, — сказала дарадца. 

На думку Шчытцовай, патрэбныя “супольныя даследчыя праекты, якія дапамогуць скарэктаваць скажонае ўяўленне пра Беларусь у заходніх краінах праз уплыў прарасійскіх імперскіх наратываў”. 

“Важна, каб у навуковых дыскусіях, якія датычацца еўрапейскага рэгіёну, была прадстаўленая і беларуская перспектыва. Лепшая форма падтрымкі ў сферы навукі — гэта міжнароднае супрацоўніцтва”, — падкрэсліла дарадца дэмлідара.

Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету падчас сустрэчы са старшымі службовымі асобамі (Senior Officials Meeting) па пытанні дапамогі Еўрасаюза для дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі абмеркавалі мэты і выклікі ў “такіх сферах, як правы чалавека і лёс палітзняволеных Беларусі, грамадзянская супольнасць, медыя, адукацыя, культура і прыватны сектар”.

Пра гэта паведаміла прэс-служба АПК 16 красавіка, адзначыўшы, што з беларускага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі намеснік кіраўніцы кабінета Валерый Кавалеўскі, кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі Уладзімір Астапенка і кіраўнік апарату АПК Валерый Мацкевіч. Таксама прысутнічалі дэлегаты Каардынацыйная рады і “прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці”.

З еўрапейскага боку ў перамовах удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх 27 дзяржаў ЕС, а таксама гендырэктар DG NEAR (Генеральны дырэктарат па перамовах аб суседстве і пашырэнні) Герт Ян Коопман і кіруючы дырэктар EEAS (Еўрапейская служба знешніх сувязяў) Міхаэль Зіберт.

Падзяліцца: