Мінск 01:59

МУС мае намер правесці ў траўні “маштабныя вучэнні” з міліцыянтамі па ўсёй краіне

Контртэрарыстычныя вучэнні ў мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo (красавік 2024)
Фота: прэс-служба МУС

19 красавіка, Позірк. У траўні плануецца правесці “маштабныя вучэнні з прыцягненнем усіх тэрытарыяльных органаў унутраных спраў”, каб “паказаць, як дзейнічаць у тых ці іншых сітуацыях”, заявіў кіраўнік МУС Іван Кубракоў пасля контртэрарыстычных вучэнняў на тэрыторыі мінскага гандлёвага цэнтра Palazzo, якія завяршыліся ў ноч на 19 красавіка.

Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзіць прэс-служба ведамства, сілавікі “дбайна прааналізавалі” нядаўні тэракт у падмаскоўным “Крокус Сіці Холе”, “улічылі магчымыя нюансы і выпрацавалі дадатковыя меры бяспекі ў месцах масавага знаходжання грамадзян, у тым ліку гандлёвых цэнтрах”.

Да контртэрарыстычных вучэнняў у згаданым сталічным ГЦ прыцягнулі “прадстаўнікоў розных службаў і падраздзяленняў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў ўнутраных войскаў”.

“Навучальным сцэнарыем прадугледжвалася рэагаванне на паведамленне пра безгаспадарную сумку з прадметам, падобным да выбуховага прыстасавання, — адзначае МУС. — Адпрацоўваліся таксама дзеянні асабовага складу пры з’яўленні ў ГЦ стралкоў з аўтаматычнай зброяй. Супрацоўнікі блакавалі небяспечную зону, арганізавалі аператыўную эвакуацыю грамадзян, абясшкодзілі і затрымалі злачынцаў. Зладжаныя дзеянні пры ўзнікненні на аб’екце ачагоў узгарання паказалі прадстаўнікі АУС, МНС, медыкі, супрацоўнікі аховы ГЦ”.

Былі адпрацаваныя “пытанні тактыкі і тэхнікі вызвалення людзей, гарантавання іх бяспекі, а таксама зладжанасць усіх падраздзяленняў, якія ўдзельнічаюць у выратаванні”.

“Такія вучэнні праводзяцца рэгулярна, — сказаў Кубракоў. — Правяраем узровень бяспекі ва ўсіх месцах з масавым знаходжаннем грамадзян. Абазначаем уступныя задачы і глядзім, як рэагуюць на тую ці іншую сітуацыю супрацоўнікі ведамаснай і пазаведамаснай аховы, органаў унутраных спраў. Усё аналізуем і прымаем дадатковыя меры бяспекі”.

“Мы прапануем увесці на буйныя гандлёвыя цэнтры, месцы масавага знаходжання людзей спецыяльныя пашпарты бяспекі і перадаць іх усім экстраным службам. Пры ўзнікненні надзвычайных здарэнняў супрацоўнікі МУС, МНС, Міністэрства аховы здароўя яшчэ да прыезду на месца змогуць разумець, колькі ў будынку ўваходаў/выхадаў, дзе ёсць шкляныя дзверы і іншыя нюансы. У адпаведнасці з гэтымі данымі будзе будавацца праца”, — заявіў міністр унутраных спраў.

Падзяліцца: