Мінск 21:42

Напад на паплечніка Навальнага Волкава арганізаваў беларус — Туск

Леанід Волкаў
Фота: memohrc.org

19 красавіка, Позірк. Беларус, які “працуе на расіян”, замовіў двум палякам забойства паплечніка расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага Леаніда Волкава, ён затрыманы, напісаў на сваёй старонцы ў сацсетцы “Х” прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

“Нападнікі таксама ўжо затрыманы. Яны звязаныя з коламі фанатаў ультрас”, — адзначыў Туск.

Кіраўнік урада падкрэсліў, што “ніякай ласкі да супрацоўнікаў расійскіх службаў не будзе”.

Любая “здрада і спроба дэстабілізацыі” будуць “выпальвацца [каленым] жалезам”, падкрэсліў ён.

Напад на Волкава, былога кіраўніка штабоў памерлага ў зняволенні Навальнага, адбыўся 12 сакавіка ў Вільнюсе. Ён атрымаў розныя траўмы, у тым ліку пералом рукі. Невядомы спрабаваў збіць яго малатком.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, каментуючы літоўскаму агенцтву BNS напад, заявіла, што беларусы, якія ўцяклі ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, не адчуваюць сябе ў бяспецы нават у дэмакратычных, свабодных краінах.

Дэмлідар дадала, што “многія беларускія актывісты ўжо сутыкнуліся з тым, што за імі сочаць на вуліцах у Літве і Польшчы, іх фатаграфуюць незнаёмыя людзі, ім паступаюць ананімныя пагрозы”.

Падзяліцца: