Мінск 08:41

Кіраўнікі МЗС краін “Вялікай сямёркі” запатрабавалі вызвалення палітзняволеных у Беларусі

19 красавіка, Позірк. Беларусь згадана ў адным з трох камюніке па выніках сустрэчы 19 красавіка на Капры (Італія) кіраўніка МЗС краін “Вялікай сямёркі” (G7) “Падтрымка Украіны”.

У дакуменце міністры асудзілі саўдзел афіцыйнага Мінска ў вайне Расіі супраць Украіны.

Таксама яны выказалі “нязменную занепакоенасць з нагоды рэпрэсій рэжыму ў дачыненні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, апазіцыі і грамадзян, якія мірна выказваюць свае погляды”.

“Мы таксама асуджаем жорсткае абыходжанне з палітычнымі зняволенымі і патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення”, — гаворыцца ў дакуменце.

Яшчэ раз Беларусь згадваецца ў гэтым дакуменце ў сувязі з размяшчэннем на яе тэрыторыі ядзернай зброі, што аўтары называюць часткай “безадказнай ядзернай рыторыкі Расіі і яе пазіцыі стратэгічнага запалохвання”. Яны папярэдзілі, што любое прымяненне РФ хімічнай, біялагічнай ці ядзернай зброі будзе мець сур’ёзныя наступствы.

Таксама міністры выпусцілі камюніке “Блізкі ўсход” і “Рашэнне глабальных выклікаў”.

У сустрэчы міністраў брала ўдзел дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Яна пазначыла мэтай “вярнуць Беларусь у міжнародны парадак дня, каб міжнародная супольнасць адрознівала беларускі рэжым ад народа, а ізалюючы Лукашэнку не ізалявала беларусаў”.

Палітык сустрэлася з дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам, з міністрамі замежных спраў Германіі Аналенай Бербак, Францыі — Стэфанам Сежурне, Вялікабрытаніі — Дэвідам Кэмеранам і вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпам Барэлем.

Сустрэча міністраў замежных спраў краін G7 традыцыйна папярэднічае саміту аб’яднання. У гэтым годзе ён адбудзецца 13–15 чэрвеня ў італьянскім горадзе Брындызі.

У 2024 годзе Італія старшынствуе ў G7, куды ўваходзяць таксама Вялікабрытанія, Германія, Канада, ЗША, Францыя і Японія.

Падзяліцца: