Мінск 05:09

Лукашэнка прызначыў кіраўнікоў Мінпрыроды і Мінюста, старшыню Дзяржстандарта (дапоўнена)

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

22 красавіка, Позірк. Міністрам прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя прызначаны Сяргей Масляк, міністрам юстыцыі — Яўген Каваленка, старшынёй Дзяржкамітэта па стандартызацыі — Алена Маргунова. Адпаведныя рашэнні прыняў 22 красавіка Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Новы кіраўнік Мінпрыроды дагэтуль займаў пасаду кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Мінска. Адметна, што пра звальненне ці перавод на іншую працу былога кіраўніка ведамства Андрэя Худыка не паведамлялася.

Каваленка на пасаду кіраўніка Мінюста перайшоў з пасады начальніка галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта.

Для Маргуновай праца ў Дзяржстандарце не будзе новай — раней яна была першай намесніцай старшыні гэтага ведамства.

Лукашэнка таксама даў згоду на прызначэнне першым намеснікам міністра замежных спраў Сяргея Лукашэвіча, першым намеснікам міністра аховы здароўя — Юрыя Горбіча, намеснікам міністра аховы здароўя — Аляксандра Старавойтава, намесніка міністра аховы здароўя — галоўным дзяржаўным санітарным урачом — Святланы Нячай, дырэктарам дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі — Вольгі Рыбаключавай.

На пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама ўзгоднены Алег Стэльмашок, старшыні Наваполацкага гарвыканкама (Віцебская вобласць) — Ігар Бурмістраў, Бераставіцкага райвыканкама (Гродзенская вобласць) — Дзмітрый Кадргулаў, Астравецкага райвыканкама (Гродзенская вобласць) — Сяргей Мядзвецкас, Глускага райвыканкама (Магілёўская вобласць) — Аляксей Жураўлёў, Касцюковіцкага райвыканкама (Магілёўская вобласць) — Вячаслаў Максачоў.

Кіраўніком адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля стаў Аляксей Васючэнка, адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна — Андрэй Болтрык.

Падзяліцца: