Мінск 23:48

ЦБС настойвае на павелічэнні тэрміну дзеяння польскага праязнога дакумента для замежніка

Крыніца: pixabay.com

22 красавіка, Позірк. Кіраўнік аддзела прававой дапамогі Цэнтра беларускай салідарнасці (ЦБС) Вольга Дабравольская накіравала ліст у групу “За дэмакратычную Беларусь” у парламенце Польшчы з просьбай “забяспечыць выдачу польскіх праязных дакументаў грамадзянам Беларусі” і “ўстанавіць трохгадовы тэрмін дзеяння польскага праязнога дакумента для замежніка”, паведамляе арганізацыя, якая працуе ў Варшаве.

Адзначаецца, што паводле закона аб замежніках, дакумент для замежніка сапраўдны на працягу аднаго года з моманту выдачы.

“На практыцы аказваецца, што гэты тэрмін занадта кароткі, так як не дазваляе замежнікам карыстацца гэтым дакументам пастаянна, гэта значыць без перапынкаў, звязаных з заканчэннем тэрміну яго дзеяння”, — адзначылі ў ЦБС.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі, як падкрэслілі ў арганізацыі, “увёў шэраг нарматыўных актаў, накіраваных на тое, каб ускладніць грамадзянам [Беларусі] магчымасць пазбегнуць рэпрэсій, у тым ліку зрабіўшы немагчымым атрыманне пашпартоў у дыпламатычных прадстаўніцтвах”.

“У выніку вялікая колькасць беларускіх грамадзян, якія не маюць магчымасці выехаць у Беларусь для атрымання пашпарта, аказваюцца ў складанай сітуацыі без сапраўдных праязных дакументаў”, — гаворыцца ў рэлізе.

4 верасня мінулага года Лукашэнка падпісаў указ № 278 “Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў”, які сярод іншага пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы.

Беларускія дэмакратычныя структуры, Еўрасаюз, ЗША, праваабарончыя арганізацыі раскрытыкавалі ўказ, накіраваны, на іх думку, на ўшчамленне правоў вымушаных эмігрантаў.

За 2021–2022 гады з Беларусі па розных прычынах выехала больш за 200 тыс. грамадзян, заявіў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун 18 студзеня.

“Санкцыйная палітыка Еўрапейскага саюза не дазваляе дыпламатам аператыўна задавальняць спадзяванні нашых грамадзян наконт замены пашпартоў. Таму прынята рашэнне, што ўсе павінны атрымліваць у цяперашні час на тэрыторыі Беларусі пашпарты”, — сцвярджае міліцэйскі чыноўнік.

Праязны дакумент іншаземца дазваляе грамадзянам іншых краін, якія маюць ВНЖ у Польшчы, але не валодаюць сапраўднымі нацыянальнымі пашпартамі, падарожнічаць у іншыя краіны.

Падзяліцца: