Мінск 07:58

Сейм Літвы не пагадзіўся пазбаўляць беларусаў ДНЖ за частыя паездкі на радзіму (дапоўнена)

Фота: "Позірк"

23 красавіка, Позірк. Дэпутаты Сейма Літвы 23 красавіка адхілілі дзве папраўкі да законапраекта аб абмежавальных мерах у дачыненні да беларусаў і расіян з прапановай пазбаўляць іх дазволу на жыхарства за паездкі ў свае родныя краіны часцей за адзін раз на год, а таксама адзін раз на тры месяцы.

Папраўку з больш суровымі ўмовамі падтрымаў 41 парламентарый, супраць выказаліся 37, устрымаліся — 39; менш суровымі — 20, 47 і 45 адпаведна, паведамляе LRT.

Разгляд законапраекта ў Сейме працягваецца. Сярод іншага дакумент прадугледжвае, што раней уведзеныя санкцыі ў дачыненні да грамадзян Беларусі і РФ будуць працягнутыя на год, праверка беларусаў, што ўязджаюць у краіну, пастрожыцца. Акрамя таго, дакумент прапануе працягнуць практыку выдачы віз пры пасрэдніцтве МЗС.

Адзін з аўтараў папраўкі, якая не прайшла, кансерватар Аўдронюс Ажубаліс, заявіў, што абмежаванне паездак беларусаў і расіян, што жывуць у Літве, у родныя краіны дапаможа службам “правяраць і кантраляваць патокі”.

У сваю чаргу лідар Партыі працы Андрус Мазуроніс выказаў меркаванне, што папраўкі “больш скіраваныя на грамадства”, якое трэба аддзяляць ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і “не вырашаюць выклікі бяспекі”.

Чакаецца, што галасаванне па базавым законапраекце пройдзе 25 красавіка.

Папраўкі да закона аб абмежавальных мерах адносна ваеннай агрэсіі супраць Украіны XIV-1888, якія прадугледжваюць дадатковыя магчымасці для пазбаўлення беларусаў і расіян ДНЖ, былі зарэгістраваныя ў Сейме Літвы 9 красавіка.

У той самы дзень Ціханоўская заявіла, што важна ізаляваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, а не беларусаў. Пры гэтым дэмлідар перасцерагла беларусаў — асабліва ўладальнікаў “гуманітарнай візы або палітычнага прытулку” — ад паездак на радзіму.

Падзяліцца: