Мінск 18:36

Лукашэнка абвінаваціў Захад у войнах дзеля багацця і зноў ідэалізаваў СССР

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com / Mike Gunner

24 красавіка, Позірк. Жыхары СССР, якія “не жылі ў раскошы”, падчас Другой сусветнай вайны “перамаглі ўсю Еўропу — багатую, якая стала пад сцягі нацызму”, заявіў Аляксандр Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе 24 красавіка ў Мінску.

людзі, паводле яго слоў, “сваю краіну ачысцілі ад фашыстаў” и “тых, хто яшчэ ўчора глядзеў на савецкі народ пагардліва, <…> тады таксама аздаравілі”. Савецкі Саюз перамог, лічыць Лукашэнка, паколькі людзі “ваювалі за родную зямлю, яна давала сілы на полі бою, сілы перажыць гора, сілы аднавіць разбуранае і сілы не помсціць”.

У той жа час Захад, сцвярджае ён, займаўся “абсалютна бессэнсоўнымі і жорсткімі” актамі запалохвання, у ліку якіх “бамбардзіроўка Дрэздэна, скінутыя на Хірасіму і Нагасакі атамныя бомбы”. “Сотні тысяч мірнага насельніцтва”, паводле яго слоў, былі “забітыя напрыканцы вайны, калі і так было ўсё вырашана”, для таго, каб “усяму свету заявіць пра сваё панаванне і трымаць планету ў страху”.

Пра тое, што Захад аказваў СССР значную ваенную дапамогу для барацьбы з нацысцкай Германіяй, Лукашэнка не згадаў.

Наступныя войны ў “Карэі, В’етнаме, Анголе, Нікарагуа, Панаме, Югаславіі, Іраку, Лівіі, Афганістане, Сірыі” сталі “новымі геапалітычнымі мэтамі, за якімі стаяў перадзел рынкаў нафты, газу, рэдкіх металаў і іншых карысных выкапняў”.

Гэта, паводле яго сцвярджэння, выгадна “тым, хто за акіянам рэжысуе і глядзіць гэты крывавы баявік даўжынёй у дзесяцігоддзі, і лічыць прыбытак”. “Заходні транснацыянальны бізнес, у асноўным англасаксы, значна ўзбагаціўся за апошнія гады”, — сказаў ён.

Лукашэнка сцвярджае, што “Вашынгтон і Лондан” не сталі за мінулыя гады “мацнейшымі ў плане палітычнай рэпутацыі, аўтарытэту на міжнароднай арэне”, “вобраз некалі сапраўды ўплывовых дзяржаў” разбураецца, “а там недалёка і да эканамічнага краху”.

“Войны за грошы і дзеля грошай ніколі і нікога яшчэ не рабілі мацнейшымі. Узбагачаліся крэдыторы войнаў — альбо на гандлі зброяй, альбо ўганяючы ў даўгі, як гэта зараз мы бачым на прыкладзе нашай брацкай Украіны”, — заявіў ён.

Акрамя таго, Лукашэнка непрама, але фактычна абвінаваціў Захад у эскалацыі вайны на Блізкім Усходзе (“паглядзіце, як філігранна, тонка робіцца ўсё, каб сутыкнуць Ізраіль і Іран — практычна ядзерныя дзяржавы”). Паводле яго слоў, ад Беларусі гэта далёка толькі геаграфічна, але з пункту гледжання інтарэсаў, “у тым ліку эканамічных, вельмі блізка”. “Таму цягнуць ачаг напружанасці на Поўдзень, каб канчаткова разбурыць еўразійскія рыначныя, культурныя дружалюбныя сувязі”, — лічыць ён.

Усё гэта, сцвярджае Лукашэнка, адбываецца, паколькі “гегемон губляе сваю гегемонію, а гегемонія ў свеце для іх — гэта велізарнае багацце”.

Лукашэнка паспрабаваў выставіць правалам тое, што суседнія постсавецкія дзяржавы ў свой час далучыліся да Захаду. “Ці многія з нашых суседзяў сталі сёння мацнейшымі? — спытаў ён. — Напрыклад, прыбалтыйскія рэспублікі, якія так імкнуліся да сваёй незалежнасці. Ці атрымалася стацца раўнапраўнымі ўдзельнікамі сусветнага палітычнага працэсу? На што яны сёння ўвогуле ўплываюць?”

“Страцілі ўсё, чым ганарыўся ўвесь Савецкі Саюз — парты, рыбалоўны флот, прамысловасць, энергетычную бяспеку, транзіт, турыстычныя магчымасці. Зараз коцяцца ўніз, нават нягледзячы на шчодрыя ўліванні Бруселя — вельмі дорага абыходзіцца барацьба з Беларуссю і Расіяй. У 2023 годзе валавы ўнутраны прадукт Літвы і Латвіі знізіўся амаль на 1%, Эстоніі — на цэлых 3,5%. Палітыкаў, напэўна, гэта і не надта клапоціць, бо плацяць звычайныя грамадзяне, гэта іх даходы і заробкі падаюць, а цэны і падаткі — растуць. Латышы і літоўцы больш за траціну насельніцтва страцілі за гады сваёй так званай незалежнасці”, — заявіў Лукашэнка, не параўноўваючы сітуацыю ў краінах Балтыі са станам спраў у Беларусі.

Паводле яго слоў, “варожасць балтыйскіх дзяржаў у дачыненні да ўсходніх суседзяў” прывяла да “адмовы ад гісторыі вялікай краіны”, яны нібыта “адрэзалі сябе ад крыніцы сілы”.

Лукашэнка лічыць, што “менавіта савецкі перыяд для літоўцаў, латышоў, эстонцаў быў залатым векам іх развіцця”. Акрамя таго, сцвярджае ён, “дзякуючы савецкай дзяржаве Польшча і Фінляндыя атрымалі сваю незалежнасць”.

“І ў гэтай гісторыі, заўважу, нікога з іх ніколі не папракалі фактамі здрады і супрацоўніцтва з фашыстамі, а ў іх гісторыі гэта было. Бераглі іх нацыянальную годнасць, а тыя, як высветлілася, усе гады трымалі камень за пазухай”, — заявіў Лукашэнка.

Падзяліцца: