Мінск 22:55

Полк Каліноўскага забараніў байцам балатавацца ў Каардынацыйную раду 

Фота: "Позірк"

24 красавіка, Позірк. Байцы палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) могуць “рэалізоўваць ўласныя палітычныя інтарэсы” ў якасці фізічных асоб, але пры ўмове сыходу з падраздзялення. Такое рашэнне прынята па выніках сходу “часткі асабовага складу” палка 22 красавіка, паведамляе прэс-служба ПКК.

Сход быў ініцыяваны камандзірам палка Дзянісам Прохаравым (пазыўны “Кіт”), падставай стаў намер “шэрагу байцоў вылучыцца на выбары ў Каардынацыйную раду”, пры гэтым аб асабістых планах яны не паведамілі “сваім камандзірам”, адзначаецца ў рэлізе.

На сходзе было прынятае рашэнне не вылучацца на выбарах у КР палком як палітычнай адзінкай, за гэта, як сцвярджаецца, адзінагалосна прагаласавала “тэрміновая рада камандзіраў”.

Абавязальніцтва байца сысці з ПКК у выпадку ўдзелу ў выбарах па ўласнай ініцыятыве замацавана 10 галасамі супраць 4.

“Рада камандзіраў лічыць неабходным прыняццё ўдзелу палка ў агульнабеларускім дэмакратычным дыскурсе і ўзаемадзеянні з іншымі палітычнымі актарамі. Праз гэта ПКК была ініцыяваная канферэнцыя і дыялогавая пляцоўка “Шлях да Волі”. Фармат пляцоўкі прадугледжвае ўзаемадзеянне з палітычнымі і грамадскімі групамі пры захоўванні палком магчымасці не адыходзіць ад сваёй асноўнай, вайсковай працы”, — гаворыцца ў паведамленні дабраахвотніцкага падраздзялення.

Таксама ПКК адзначыў, што “ніхто з ваяроў са сваёй пасады на дадзены момант не вызвалены”. 

Полк Каліноўскага выступіў з гэтай заявай у адказ на паведамленне, апублікаванае 23 красавіка на старым сайце падраздзялення (не абнаўляўся больш за 9 месяцаў). У паведамленні гаварылася, што на агульным сходзе 22 красавіка “каліноўцы прынялі шэраг важных рашэнняў”. 

Сцвярджалася, што дабраахвотнікі прагаласавалі за адмену рашэння камандзіраў аб забароне ўдзелу ў выбарах КР. За гэта выказаліся 78,6% удзельнікаў сходу. 

Таксама паведамлялася, што са складу палка выключаны дабраахвотнік з пазыўным “Мiкола” (84% галасоў).

Трэцім пунктам, паводле змешчанай інфармацыі, была зацверджаная “працоўная група з прадстаўнікамі ад усіх падраздзяленняў палка” (91%), якая атрымала права зацвердзіць Статут ПКК. У адпаведнасці з гэтым дакументам, падкрэслівалася ў публікацыі, “будзе рэфармаваная ўся дзейнасць падраздзялення”.

На выбары новага складу Каардынацыйнай рады пададзена 13 выбарчых спісаў, якія ў агульнай складанасці налічваюць 280 чалавек. Цяпер яны верыфікуюцца.

Сярод іншых у выбарчую камісію паступіў спіс “Воля” ў складзе 20 прэтэндэнтаў, лідарам спіса з’яўляецца намеснік камандзіра ПКК Вадзім Кабанчук.

Падзяліцца: