Мінск 07:37

Сейм Літвы канчаткова адхіліў прапанову абмежаваць беларусам паездкі на радзіму

Крыніца: unsplash.com

25 красавіка, Позірк. Літоўскі парламент 25 красавіка канчаткова адхіліў папраўкі ў закон, якія абмяжоўваюць паездкі на радзіму грамадзян Беларусі і Расіі.

Пра тое, што “таксічныя папраўкі не прайшлі”, паведаміў тэлеграм-канал “Парламенцкі канал”, звязаны з дарадцам Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатолем Лябедзькам.

Дэпутаты Сейма Літвы 23 красавіка адхілілі дзве папраўкі да законапраекта аб абмежавальных мерах у дачыненні да беларусаў і расіян з прапановай пазбаўляць іх віду на жыхарства за паездкі на радзіму часцей за адзін раз на год, а таксама адзін раз на тры месяцы.

Разгляд базавага законапраекта быў прызначаны на 25 красавіка.

Адзін з аўтараў паправак кансерватар Аўдронюс Ажубаліс заяўляў, што абмежаванне паездак беларусаў, якія жывуць у Літве, і расіян на радзіму дапаможа службам “правяраць і кантраляваць плыні”.

Папраўкі да закона аб абмежавальных мерах адносна ваеннай агрэсіі супраць Украіны XIV-1888, якія прадугледжваюць дадатковыя магчымасці для пазбаўлення беларусаў і расіян ВНЖ, былі зарэгістраваныя ў Сейме Літвы 9 красавіка.

У той жа дзень Ціханоўская заявіла, што важна ізаляваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, а не беларусаў. Пры гэтым дэмлідар перасцерагла беларусаў — асабліва ўладальнікаў “гуманітарнай візы або палітычнага прытулку” — ад паездак на радзіму.

Падзяліцца: