Мінск 15:46

КДБ прадухіліў удары дронамі з тэрыторыі Літвы па аб’ектах у Мінску, заявіў Церцель

Будынак КДБ у Мінску
Фота: sputnik.by

25 красавіка, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) прадухіліў удары з тэрыторыі Літвы баявымі дронамі па аб’ектах у Мінску і ваколіцах, заявіў 25 красавіка кіраўнік ведамства Іван Церцель на пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу (УНС).

Тэртэль згадаў нейкія “вострыя чэкісцкія мерапрыемствы” для прадухілення ўдараў, падкрэсліўшы, што праца па гэтым напрамку працягваецца, аднак “дэталёвую інфармацыю агучыць грамадскасці пакуль не ўяўляецца магчымым”.

Ён сцвярджае, што цяпер “у непасрэдным кантакце з літоўскім парамілітарным фарміраваннем “Клуб стралкоў” будуюцца планы па заходзе для здзяйснення тэрактаў на тэрыторыю прылеглых да Літвы Ашмянскага, Смаргонскага і Браслаўскага раёнаў, перакідання і арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь схованак са зброяй выбуховымі рэчывамі, сродкамі паражэння”.

Таксама кіраўнік КДБ паведаміў, што выяўлена больш за 40 каналаў перакідання зброі і выбухоўкі з Украіны ў Беларусь.

Церцель сказаў, што “дакументальныя матэрыялы, якія атрымлівае замежная выведка, сведчаць: асноўнай мэтай у дачыненні да Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ўсталяванне поўнага кантролю над яе тэрыторыяй, эканамічным патэнцыялам і рэсурсамі, якія належаць беларускаму народу”.

Паводле яго слоў, “функцыянаванне беларускіх замежных цэнтраў” з’яўляецца ключавым інструментам дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі. Іх канчатковая мэта — захоп ўлады. Для гэтага, заявіў кіраўнік КДБ, разглядаецца магчымасць “здзяйснення тэрактаў, дыверсій, экстрэмісцкіх акцый, узброенага ўварвання”.

Церцель згадаў Украіну, Літву і Польшчу як краіны, дзе рыхтуюцца ўдары і дыверсіі ў дачыненні да Беларусі. Некалькі разоў ён паўтарыў, што маецца канкрэтны план па захопу беларускіх гарадоў.

Ён згадаў групу ананімных хакераў “Кіберпатызаны”, якія ўскладаюць на сябе адказнасць за ўзломы базаў даных шэрагу дзяржаўных устаноў, у тым ліку, падраздзяленняў МУС.

Церцель сцвярджае, што “Кіберпатызаны” “распрацоўваюць рэальныя планы тэхналагічных катастроф на асабліва небяспечных вытворчасцях, крушэнні чыгуначных саставаў, нападаў на АЭС і іншыя аб’екты”.

Паводле слоў кіраўніка камітэта, за хакерамі стаяць грамадзяне ЗША, адкуль яны фінансуюцца. КДБ, сказаў Церцель, давёў да спецслужбаў ЗША пазіцыю ведамства аб тым, што “падобнае недапушчальна”, аднак “мер у дачыненні да іх не прынялі”.

Ён падкрэсліў, што Камітэт дзяржбяспекі гатовы да любога варыянту развіцця падзей, а ў дачыненні да “тэрарыстаў” будзе “дзейнічаць па законах ваеннага часу” і “іх напаткае заслужаная кара”.

Пасля падзей 2020 года і асабліва пасля расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022-м КДБ рэгулярна паведамляе аб намерах дыверсійных груп і падраздзяленняў напасці на Беларусь, захапіць частку тэрыторыі, каб затым “ісці на Мінск”. Пераканаўчых доказаў гэтаму яшчэ не было прадстаўлена.

Камітэт дзяржбяспекі таксама выкарыстоўвае дзяржаўнае тэлебачанне, у эфіры якога рэгулярна паведамляе аб выкрыцці дыверсійных і “тэрарыстычных” груп, якія пранікаюць у Беларусь з-за мяжы з выбухоўкай, прызначанай для “дэстабілізацыі абстаноўкі”. Незалежныя эксперты не аднойчы выказвалі сумневы ў сапраўднасці згаданых у “фільмах” падзей, адзначаючы, што іх мэтай можа быць дасягненне прапагандысцкага эфекту.

Падзяліцца: