Мінск 21:19

ПП НС “глыбока абураная” незапрашэннем беларускай дэлегацыі на гадавіну вызвалення арміяй ЗША канцлагера Маўтхаўзен

26 красавіка, Позірк. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) “глыбока абураная незапрашэннем афіцыйных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь на памятныя мерапрыемствы з нагоды гадавіны вызвалення канцлагера Маўтхаўзен” у Аўстрыі. З такой заявай 26 красавіка выступіла пастаянная камісія ніжняй палаты парламента па міжнародных справах.

Гэты абуральны, на думку дэпутатаў, факт “абражае памяць дзясяткаў мільёнаў ахвяр фашызму і кажа пра тое, што не зробленыя адпаведныя высновы з урокаў мінулага”.

Прадстаўнікі ПП НС звярнулі ўвагу “парламентарыяў, палітычных і грамадскіх дзеячаў Аўстрыі і іншых еўрапейскіх дзяржаў” на неабходнасць “адмовы ад падвойных стандартаў, асабліва ў такіх пытаннях, як захаванне гістарычнай праўды”, а таксама заявілі, што “памяць пра тых, хто аддаў свае жыцці за вызваленне Еўропы ад карычневай чумы, святая для народа” Беларусі.

МЗС, каментуючы адмову, заявіў, што,”як і ў папярэднія гады, беларускія дыпламаты па ўсім свеце самі, са сваімі расійскімі і іншымі калегамі правядуць памятныя мерапрыемствы ў розных фарматах, ускладуць вянкі да манументаў і абеліскаў той страшнай вайны і вялікай перамогі нашых продкаў”.

У ведамстве адзначылі, што не маюць патрэбы ў запрашэннях або дазволах, каб “аддаць даніну павагі гераізму мільёнаў савецкіх салдат”. Пры гэтым Маўтхаўзен вызваліла армія ЗША.

Аб незапрашэнні афіцыйных дэлегацый Расіі і Беларусі на памятныя мерапрыемствы паведамілі напярэдадні расійскія дзяржаўныя СМІ.

Расійская агрэсія ва Украіне і яе падтрымка з боку Мінска стала прычынай, з-за якой дыпламатаў дзвюх краін ужо тры гады не запрашаюць на знакавыя Міжнародныя мерапрыемствы, у тым ліку ў Маўтхаўзен. Сёлета, як і ў 2022 і 2023 гадах, Японія адмовіла ім ва ўдзеле ў цырымоніі памяці ахвяр атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, у верасні 2023-га Нобелеўскі камітэт адклікаў запрашэнне на ўручэнне прэміі.

Адсутнічалі дэлегацыі Беларусі і РФ на цырымоніі да гадавіны вызвалення нацысцкіх канцлагераў Бухенвальд і Мітэльбау-Дора (Германія), Асвенцым (Польшча).

У 2022 годзе запрашэнне расійскай і беларускай афіцыйных дэлегацый наведаць цырымонію з нагоды 77-й гадавіны вызвалення канцлагера Бухенвальд і яго філіяла Мітэльбау-Дора было адпраўлена, але адклікана. Прычынай стала гібель 96-гадовага Барыса Раманчанкі, аднаго з былых вязняў лагера, у Харкаве пасля абстрэлу расійскімі войскамі 18 сакавіка.

У цырымоніі ад Беларусі ўзялі ўдзел прадстаўнікі дэмакратычных сіл: лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка і сябра “Народнай амбасады Беларусі” ў Германіі Міхаіл Таўбэ.

Перад цырымоніяй ускладання кветак і вянкоў 10 красавіка 2022 года чырвона-зялёны дзяржаўны сцяг Беларусі быў заменены на бел-чырвона-белы. Генеральная пракуратура 11 красавіка паведаміла аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце “распальвання нацыянальнай варожасці” (ч. 2 арт. 130 КК). Паводле яе матэрыялаў, “неўстаноўленая асоба 10 красавіка 2022 года публічна зняла дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, усталяваны на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу на месцы канцлагера “Бухенвальд” (Федэратыўная Рэспубліка Германія), усталяваўшы замест яго бел-чырвона-белае палатно”.

19 красавіка 2022 года Аўстрыйскае агенцтва друку паведаміла, што афіцыйныя дэлегацыі з Беларусі і Расіі не запрасілі на цырымонію гадавіны вызвалення канцлагера Маўтхаўзен.

“Удзел абедзвюх краін быў бы несумяшчальны з клятвай вязняў Маўтхаўзена, якія выжылі, і іх імкненнем да міру і свабоды”, — адзначыў старшыня ўвекавечання памяці ахвяр нацызму Маўтхаўзенскага камітэта Аўстрыі Вілі Мерні.

Ад Беларусі ў цырымоніі ўзялі ўдзел Латушка, прадстаўнікі “народных амбасадаў” у Аўстрыі і Славеніі, сябры нацыянальнай дыяспары.

Падзяліцца: