Мінск 22:57

“Кіберпартызаны” заявілі пра ўзлом сайта КДБ

Скрыншот: kgb.by

26 красавіка, Позірк. Група ананімных хакераў “Кіберпартызаны” заявіла ў сваім тэлеграм-канале аб узломе сайта Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

У паведамленні гаворыцца, што партал спецслужбы “не працуе ўжо больш за два месяцы” — а “ўсё таму, што “Кіберпартызаны” прабраліся туды яшчэ ўвосень 2023 года і выпампавалі ўсю даступную інфармацыю”.

“На жаль, мы трохі “нашумелі”, і сайт прыйшлося прыкрыць”, — паведамілі хакеры.

У “доказ” узлому, як заяўляецца, яны апублікавалі “спіс адмінаў”, “базу даных сайта”, “логі сервера” і паабяцалі надалей “жахаць па дыктатуры”.

Сайт КДБ цяпер адкрываецца, але на застаўцы паведамляецца, што ён “знаходзіцца ў распрацоўцы”.

25 сакавіка гэтага года “Кіберпартызаны” ўзламала сайт дзяржаўнай газеты “Гомельская праўда”, размясціўшы на ім віншаванне з Днём Волі.

10 сакавіка ініцыятыва паведаміла аб узломе сайта рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь” (ДТСААФ).

31 снежня мінулага года — аб узломе сайта дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА. Паведамлялася таксама аб пашкоджанні ўнутранай сеткі і дамен-кантралёраў інфармагенцтва, аб спампоўцы 90 гігабайт даных — унутраных дакументаў, бухгалтэрыі, асабістай інфармацыі пра супрацоўнікаў, архіва.

Пасля ўзлому на партале БелТА былі размешчаныя матэрыялы і фатаграфіі пратэстнага зместу.

Падзяліцца: