Мінск 02:42

У эскалацыі вайны РФ і Украіны Лукашэнка лічыць вінаватымі ЗША

26 кастрычніка, Позірк. Пастаўкі Украіне дальнабойных ракет ATACMS Злучанымі Штатамі Амерыкі прыводзяць да эскалацыі вайны з Расіяй, Масква і Мінск з гэтым “ніколі не змірацца”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіяртам.

Паводле слоў Лукашэнкі, якія прыводзіць яго прэс-служба, свет робіць крокі “да поўнамаштабнай вайны з выкарыстаннем самай смяротнай зброі”, гэтаму “трэба ўсяляк супрацьстаяць”.

Пазіцыя Беларусі па Украіне “прыкладна такая ж, як Венгрыі”, якой таксама не патрэбная вайна ў суседзяў, гэта значыць “у нашым доме”, сцвярджае ён.

“Я разумею, што ціск з-за акіяна чыніцца моцны. Але абсалютна перакананы, што калі б еўрапейцы захацелі, мы маглі б скончыць гэтую вайну і дамовіцца, зрабіць пэўныя высновы, каб гэтага больш не адбылося”, — заявіў Лукашэнка.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае Расію, якая 24 лютага 2022 года распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, але падкрэслівае, што беларускае войска ўдзелу ў баявых дзеяннях не бярэ. Пры гэтым тэрыторыя краіны на пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней актыўна выкарыстоўвалася расійскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.

Падзяліцца: