Мінск 01:54

Лукашэнка зноў заявіў, што з’яўляецца “заўзятым прыхільнікам” захавання Еўрасаюза

26 кастрычніка, Позірк. “Заўзятым прыхільнікам” захавання Еўрапейскага саюза, нягледзячы на ўведзеныя ім санкцыі, назваў сябе Аляксандр Лукашэнка 26 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіяртам.

Фота: "Радыё Свабода"

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства краіны, якая ўваходзіць у Еўрасаюз, прыбыў у Мінск на канферэнцыю па бяспецы ў Еўразіі.

Паводле слоў Лукашэнкі, якія перадае яго прэс-служба, “ЕС разам з ЗША, Кітаем, Расіяй, у нейкай ступені Індыяй з’яўляюцца моцнымі апірышчамі існавання нашай планеты”. Ён мяркуе, што калі апірышча “вырваць з-пад гэтай сістэмы”, будзе “вельмі дрэнна для ўсіх”.

У размове з кіраўніком МЗС дзяржавы, якая абавязаная выконваць уведзеныя ЕС абмежавальныя меры ў дачыненні да рэжыму ў Мінску, Лукашэнка заявіў, што разлічвае “на поўнае вырашэнне налета праблем на фоне ўведзеных заходніх санкцый”, звязаных з “перабудовай лагістыкі, <…> фінансавымі пытаннямі, праходжаннем аплат і гэтак далей”.

У сваю чаргу Сіярта, калі верыць прэс-службе Лукашэнкі, заявіў пра неабходнасць падтрымліваць кантакты і зносіны для “хутчэйшага вырашэння існых канфліктаў у рэгіёне”.

Лукашэнка не ўпершыню заяўляе пра сваю зацікаўленасць у захаванні Еўрасаюза. Падобную думку ён выказаў у сакавіку 2019 года на сустрэчы з федэральным канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам. Падчас паслання народу і парламенту ў 2023 годзе Лукашэнка заявіў: “Еўропа можа захавацца толькі з намі, найперш з Расіяй”.

Падзяліцца: