Мінск 22:31

Лукашэнка лічыць, што беларусы перамаглі “постчарнобыльскі сіндром”, і думае пра другую АЭС

Фота: сацсеткі БелАЭС

30 красавіка, Позірк. Прымаючы рашэнне пра будаўніцтва Беларускай АЭС, Аляксандр Лукашэнка “вельмі пераймаўся, улічваючы чарнобыльскую спадчыну”. З такім прызнаннем ён выступіў 30 красавіка падчас наведвання Касцюковіцкага раёна (Магілёўская вобласць).

Разам з тым, на думку Лукашэнкі, якое прыводзіць яго прэс-служба, беларускае грамадства “ўжо перахварэла на постчарнобыльскі сіндром”.

БелАЭС, заявіў ён, будавалі не толькі для выпрацоўкі электраэнергіі, але і для таго, каб у краіне “з’явілася новая школа, а будаўніцтва, эксплуатацыя пацягнулі за сабой адукацыю”. “Сёння мы маем сваіх адмыслоўцаў. І я хацеў навучыць беларусаў гэта рабіць”, — заявіў Лукашэнка.

Ён у чарговы раз раскрытыкаваў Польшчу, якая, паводле яго слоў, “ініцыявала вось гэтую брахню” ў дачыненні да Беларусі, але пры гэтым “плануе дзве атамныя станцыі пабудаваць на першы час”, а таксама Літву, што страціла “нармальную Ігналіну” (закрыццё пабудаванай за савецкім часам Ігналінскай АЭС было умовай уступлення ў Еўрасаюз), якую “трэба было “даводзіць да розуму і атрымліваць электраэнергію”. “Што тычыцца Захаду — мярзотнікі поўныя. І нашы збеглыя — сволачы і мярзотнікі”, — сказаў Лукашэнка.

Ён прызнаўся, што ім “паступова авалодвае думка пра магчымасць будаўніцтва яшчэ адной станцыі” ў Беларусі, “але над гэтым пытаннем яшчэ думаюць, рашэнне пакуль не прынятае”.

“Другая пляцоўка (раней як альтэрнатыва Астравецкай, дзе пабудавана БелАЭС, была вызначаная Краснапалянская пляцоўка) знаходзіцца на ўсход ад Магілёва. Я сёння думаю: калі будзем будаваць другую АЭС, мы дзе гэтыя рэактары размесцім?” — падзяліўся разважаннямі Лукашэнка.

Збудаваць два дадатковыя энергаблокі на БелАЭС, паводле яго слоў, было б танней. Але з улікам ужо існай атамнай станцыі на захадзе краіны Лукашэнка “схіляецца” да таго, што “павінна яна быць і на ўсходзе”.

Цягам апошніх гадоў Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра магчымасць будаўніцтва другой атамнай станцыі.

Збудаванне Беларускай АЭС пад Астраўцом (Гродзенская вобласць) завяршылася ўвосень 2023 года. Першы энергаблок станцыі сілкуе энергасістэму краіны з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Аб’ект пабудаваны на падставе праекца “Расатама” і пераважна за кошт расійскага крэдыту (раней заяўлялася, што на станцыю выдаткавана 5,36 млрд долараў). Сёлета 1 красавіка Мінск мусіў пачаць пагашаць гэты крэдыт, але невядома, ці было гэта зроблена.

Падзяліцца: