Мінск 15:34

Лукашэнка — алімпійцам у нейтральным статусе: Набі ім морду, пакажы ім, што ты сапраўдны беларус

Сцяг удзельнікаў АГ-2024 у нейтральным статусе
Крыніца: сайт МАК

30 красавіка, Позірк. Удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у нейтральным статусе ці не, будзе вырашаць кожны спартсмен, заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 красавіка падчас паездкі ў Касцюковіцкі раён (Магілёўская вобласць).

“Я ўжо неяк казаў: гэта справа спартсменаў. Вядома, хацелася, каб, як гэта мае быць, — гімн, сцяг ды іншае. Але я разумею спартсменаў, гэта іх жыццё. Разумеючы гэта, я пра гэта не кажу і не настойваю ні на адным з варыянтаў”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

“Але калі ўжо ты адабраўся і едзеш туды ў нейтральным статусе, набі ім морду, пакажы ім, што ты сапраўдны беларус. Мы ўсё адно будзем разумець, што ты беларус, і калі ты выйдзеш пераможцам — гэта для нас добрая тэма для таго, каб мы ім яшчэ і палітычна морду набілі”, — дадаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, тое, што “гэтыя мярзотнікі <…> робяць у спорце” (верагодна, гаворка ідзе пра функцыянераў Міжнароднага алімпійскага камітэта), “лепш спорт не робіць, асабліва алімпійскі рух”.

Раней, адзначыў ён, “на час Алімпіядаў войны спыняліся — гэта былі мірныя-мірныя спаборніцтвы”. “Ува што яны цяпер ператварыліся (як і ўсё астатняе), вы бачыце”, — сказаў Лукашэнка.

Ён паведаміў, што сочыць за расійскімі спаборніцтвамі, на якіх беларускія біятланісты паказваюць добрыя вынікі: “І я разумею, што ў нас біятлон жыве, бо школа біятлона ў Расіі наймагутнейшая, сусветнага ўзроўню. І калі мы іх перамагаем, значыць, мы нешта можам”.

“Заўтра мы вернемся ў гэтую еўрапейскую, сусветную сям’ю. І мы ім пакажам, што мы можам”, — сказаў Лукашэнка.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынята да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаліся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка таго ж года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах — “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.

8 снежня 2023 года МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ў нейтральным статусе. Шэраг адпаведных федэрацый дапусціў беларусаў і расіян да спаборніцтваў пад сваёй эгідай.

АГ-2024 пройдуць 26 ліпеня — 11 жніўня.

Падзяліцца: