Мінск 06:16

25 латвійцам у Беларусі выстаўленыя розныя абвінавачанні — кіраўнік МЗС Латвіі

Міністр замежных спраў Латвіі Крыш'яніс Карыньш
Фота: Мультымедыйны цэнтр Еўрапарламента / Michel Christen

26 кастрычніка, Позірк. У Беларусі “арыштавалі і выставілі розныя абвінавачанні” 25 грамадзянам Латвіі, заявіў міністр замежных спраў гэтай краіны Крыш’яніс Карыньш 26 кастрычніка ў праграме “900 секунд” на тэлеканале TV3.

Чыноўнік не ўдакладніў, калі канкрэтна былі затрыманыя ўсе гэтыя людзі, аднак адзначыў, што большасць выпадкаў палітычна матываваная.

Карыньш заклікаў суайчыннікаў не ездзіць у Беларусь, бо “там няма правасуддзя”. “Мы як краіна не зможам дапамагчы. Калі вы паедзеце ў Беларусь, мы не зможам дапамагчы… Мы не маем на гэты момант ніякіх дыпламатычных стасункаў [з афіцыйным Мінскам], мы не маем ніякага ўплыву, таму мы не зможам [дапамагчы]”, — папярэдзіў ён.

Раней была інфармацыя пра 18 турыстаў з Латвіі, якіх затрымалі ў Беларусі з красавіка 2022 года, калі ўлады ў Мінску ўвялі бязвізавы рэжым з гэтай балтыйскай краінай.

19 верасня праз узрослую плынь мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Паводле даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, за мінулы тыдзень Беларусь у бязвізавым парадку наведала 6.766 жыхароў суседніх краін ЕС, у тым ліку 3.650 грамадзян Літвы, 1.740 грамадзян і 519 неграмадзян Латвіі, 857 грамадзян Польшчы.

З пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ў Беларусь накіраваліся 744.718 замежнікаў: 466.466 грамадзян Літвы, 170.606 грамадзян і 52.218 неграмадзян Латвіі, а таксама 55.428 грамадзян Польшчы.

Улады названых суседніх краін неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не наведваць Беларусь з меркаванняў бяспекі.

Падзяліцца: